«Далейшая натаізацыя Ўкраіны», — у Крамлі адрэагавалі на Віленскі саміт NATO

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Вільні падчас саміту NATO, ліпень 2023

У расейскім МЗС заявілі, што «калектыўны Захад», якім нібыта кіруюць Злучаныя Штаты, не гатовы мірыцца з фармаваньнем шматпалярнага сьвету.

У расейскім Міністэрстве замежных спраў адрэагавалі на саміт NATO, які адбыўся 11-12 ліпеня ў Вільні. У прыватнасьці, у камюніке МЗС гаворыцца, нібыта вынікі саміту дэманструюць, што арганізацыя канчаткова вярнулася да схемаў «халоднай вайны»:

«„Калектыўны Захад“, якім кіруюць Злучаныя Штаты, не гатовы мірыцца з фармаваньнем шматпалярнага сьвету, мае намер адстойваць сваю гегемонію ўсімі даступнымі сродкамі, у тым ліку вайскоўцамі. Вынік натаўскіх дзеяньняў добра вядомы — разрастаньне ачагоў нестабільнасьці, разбурэньне дзяржаваў, разгул тэрарызму, беспакаранае зьдзяйсьненьне ваенных злачынстваў, кроў мірнага насельніцтва, у тым ліку дзяцей, бясконцыя патокі ўцекачоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з Джо Байдэнам у Вільні

У дакумэнце адзначаецца, што зноў пацьвердзілася няздольнасьць альянсу адаптавацца да новай геапалітычнай абстаноўкі ў сьвеце:

«У дакумэнтах саміту чарговы раз наша краіна названа «самай значнай і прамой пагрозай бясьпецы альянсу». Перакульваючы ўсё з ног на галаву, крывадушна абвінавачваюць Маскву ў падрыве глябальнай энэргетычнай і харчовай бясьпекі. Вашынгтон і яго саюзьнікі павялічваюць вайсковую прысутнасьць паблізу расейскіх межаў, разгортваюць там ударныя сыстэмы ўзбраеньняў і пастаянна праводзяць вучэньні з акцэнтам на адпрацоўку наступальных дзеяньняў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: Я хацеў бы, каб Украіна ўступіла ў NATO праз гадзіну і 20 хвілінаў пасьля вайны

У расейскім МЗС лічаць, што NATO працягвае правакацыйную палітыку пашырэньня:

«У цэнтры гэтых натаўскіх памкненьняў — далейшая „натаізацыя“ Ўкраіны. Створаны Савет NATO — Украіна, дзе Кіеву паабяцалі магчымасьць нібыта на роўных удзельнічаць з краінамі – сябрамі альянсу. Пацьвердзілі „Бухарэсцкую формулу“ 2008 годц, паводле якой Украіна будзе ў NATO, праўда, зноў ня вызначыліся, калі. Пры гэтым Украіне прыгатаваная роля галоўнага расходнага матэрыялу ў разьвязанай NATO гібрыднай вайне з Расеяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы вывешваюць бел-чырвона-белыя сьцягі падчас саміту NATO. Фотарэпартаж

На думку расейскага МЗС, экспансіянісцкія памкненьні NATO не абмяжоўваюцца Эўраатлянтыкай:

«Альянс працягвае зацягваць у свае „сеткі“ Грузію, Босьнію і Герцагавіну, Малдову. Паглынуўшы безь якой-небудзь грамадзкай дыскусіі і рэфэрэндумаў Фінляндыю і амаль Швэцыю, NATO імкнецца ператварыць у арэну ваеннага супрацьстаяньня Арктыку. Ідзе актыўнае пранікненьне на постсавецкую прастору. Блізкі Ўсход і Афрыка абвешчаныя зонай стратэгічных інтарэсаў, дзе Вашынгтон і яго саюзьнікі спрабуюць насаджаць свае парадкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніколі не здавайцеся». Джо Байдэн у Вільні падтрымаў беларусаў, якія «працягваюць змагацца за свабоду»
  • У расейскім МЗС адзначылі, што вынікі Віленскага саміту будуць уважліва прааналізаваныя. З улікам выклікаў і пагроз бясьпекі і інтарэсаў Расеі, у Крамлі будуць своечасова і адпаведным чынам рэагаваць з задзейнічаньнем усіх наяўных сродкаў і мэтадаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замежныя дыпляматы: У выпадку выкарыстаньня ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі ўдар у адказ атрымае Расея