11–12 ліпеня ў Вільні праходзіць саміт NATO. Раней блогер, аўтар-тэлеграм каналу «МотолькоПомоги» і кіраўнік праекту «Беларускі Гаюн» Антон Матолька заклікаў беларусаў у Літве вывешваць бел-чырвона-белыя сьцягі. «Нагадаем NATO пра Беларусь» — так гучыць назва ініцыятывы. Мы запыталіся ў беларусаў і салідарных літоўцаў, чаму яны вырашылі вывесіць нацыянальны сьцяг на вокны і бальконы і далучыцца да флэшмобу. Паглядзіце, як выглядае Вільня падчас саміту.
Глеб Сандрас: «Сьцягі я вывесіў больш за два гады таму, як засяліўся ў кватэру — беларускі і літоўскі. Беларускі сьцяг ужо выгараў на сонцы, трэба памяняць. Каб падкрэсьліць сваю ідэнтычнасьць і аддаць належнае нашаму супольнаму мінуламу — ВКЛ. Вялікай дзяржаве, у якой мы жылі разам больш за 500 год. І не забываймася на вялікую падтрымку Літвой беларускага дэмакратычнага грамадзтва пасьля выбараў 2020 году. Добрая ідэя вывешваць сьцяг да саміту NATO, але лепш, каб вісеў увесь час. Каб бачылі, як нас шмат».
Вольга Зазулінская: «Сьцяг у мяне вісіць зь першага дня, як я пераехала ў Вільню. Я яго не здымаю, не здымала, калі пачалася вайна. Я хацела заявіць, што мы тут. Што мы такія ж людзі, якія хочуць свабоды сваёй краіне, і што нас трэба ўлічваць і бачыць. Мы засталіся ў полі, у фокусе, і гэта такая салідарнасьць з усімі на заклік вывешваць сьцягі да саміту NATO.
Сьцяг на бальконе ў мяне з выявай Коласа. Стоўпцы — гэта горад, у якім я нарадзілася і вырасла, да таго як пераехаць жыць у Менск. За тры кілямэтры ад гораду, у засьценку Акінчыцы, нарадзіўся Якуб Колас, так што гэта па праве мой зямляк і наш гонар. Ён таксама жыў і працаваў у Вільні, тут была першая рэдакцыя "Нашай Нівы".У Вільні ён публікаваў свае першыя творы. Для мяне гэта вельмі важна, бо, па-першае, я беларуска, па-другое, я зямлячка такога выбітнага беларускага паэта і грамадзкага дзеяча».
Зьміцер Фурманаў: «Я чуў пра заклік вывешваць беларускія сьцягі з бальконаў і вокнаў. Я вырашыў таксама далучыцца да гэтага руху. Звычайна ў нас сьцяг вісіць на вакне, але цяпер мы вывесілі яго на флягшток на балькон, каб яго было лепш бачна з вуліцы. Зараз праходзіць саміт NATO, і калі мы будзем паказваць, што беларусаў у Вільні шмат, мы прыцягнем увагу да сябе, да нашых праблем».
Уладзіслаў Наважылаў: «Як я пераехаў, першым чынам я замовіў сьцяг. Ён у мяне заўжды вісіць у залі, але я прачытаў заклік Матолькі ў Твітэры «Давайце вывешваць сьцягі да саміту NATO, каб паказаць, колькі нас тут». Я перавесіў на балькон, каб было больш дэманстратыўна. Гэта знак падтрымкі беларускаму офісу Ціханоўскай. Гэта знак падтрымкі Ўкраіны, каб Украіна адрозьнівала беларусаў ад «лукашыстаў». Гэта знак падтрымкі заходняга курсу разьвіцьця Беларусі. Таму я падтрымаў і вывесіў сьцяг».
Моніка Станкявічуце: «Наш каворкінг з відам на Катэдральную плошчу— гэта прастора для НДА, журналістаў. З пачатку вайны ва Ўкраіне ў нашым офісе вісіць украінскі сьцяг. Аднак сярод сябраў нашага кам’юніці таксама ёсьць беларусы: яны ня могуць вярнуцца ў сваю краіну, бо яны ворагі гэтай краіны. Таму мы вырашылі вывесіць сьцяг у гэтыя дні, каб нагадаць пра сытуацыю і ў Беларусі».
Шарунас Чарняўскас: «Нашыя калегі зь Беларусі, зь якімі мы працуем штодня ў нашым офісе, выгнаныя з уласнай краіны. Як і тысячы беларусаў, якія змагаліся за вольную і дэмакратычную Беларусь. І мы вырашылі, што саміт NATO — гэта выдатны момант нагадаць, што беларускі народ таксама змагаецца за сваю свабоду. Пра гэта таксама трэба гаварыць. Беларускі народ мае патрэбу ў свабодзе і дэмакратыі. І я гэтага беларускаму народу вельмі жадаю».
Кацярына: «Мы з калегамі вывесілі сьцягі падчас саміту таму, што Літва паказвае той узровень салідарнасьці зь людзьмі Беларусі, які меў бы быць мінімальным для ўсіх краін Эўразьвязу. Краіны ЭЗ гучна ўхвалялі мірны беларускі пратэст у 2020-м, але цяпер, па сутнасьці, на Літву і Польшчу лёг прыём вялікай колькасьці змушаных уцякаць з краіны беларусаў і беларусак. У дні саміту мы хочам нагадаць пра масавыя рэпрэсіі і беларускі антыімпэрскі супраціў ня столькі літоўскаму грамадзтву, колькі гасьцям з эўрапейскіх дзяржаваў, не абцяжараных мяжою з Расейскай Фэдэрацыяй».