Лукашэнка двойчы назваў нядаўна памерлага міністра транспарту Аўраменку «загінулым»

Аляксей Аўраменка. Архіўнае фота.

Адказваючы 6 ліпеня на пытаньне замежнай журналісткі аб перамяшчэньні ў Беларусь ядзернай зброі, Лукашэнка згадаў у гэтым кантэксьце і былога міністра транспарту і камунікацый Аляксея Аўраменку, якога двойчы назваў не памерлым, а «загінулым».

Гэта адбылося ў кантэксьце паведамленьняў незалежных медыя і тэлеграм-каналаў, якія на падставе сваіх крыніц сьцьвярджалі, што, прынамсі, чыгуначным транспартам ядзерная зброя ў Беларусь пакуль не завозілася.

«Не змаглі адсачыць, натуральна, як перамяшчаліся, куды перамяшчаліся ядзерныя боегалоўкі. І пішуць, што з чыгункай нешта там было зьвязана, і што загінулы нядаўна міністар транспарту расстроіўся, што мы тут паралізавалі чыгунку перамяшчэньнем боепрыпасаў. Па-першае, боепрыпасы былі перамешчаныя даўно і не маюць ніякіх адносін да гібелі гэтага міністра. Таму трэба супакоіцца», — зрэагаваў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, боегалоўкі перамяшчаліся «не па зямлі», таму гэтага ніхто і не заўважыў.

Як адзначае Наша Ніва, назваўшы двойчы Аляксея Аўраменку не «памерлым», а «загінулым», Лукашэнка фактычна пацьвердзіў, што сьмерць зусім маладога паводле ўзросту міністра адбылася не з натуральных прычынаў.

Паводле інфармацыі Нашай Нівы, як сьцьвярджаецца, атрыманай з дзьвюх крыніц, 46-гадовы міністар транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка скончыў жыцьцё самагубствам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раптоўна памёр міністар транспарту Беларусі

У Міністэрстве транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка працаваў з 2013 году. Спачатку быў намесьнікам міністра, а 15 студзеня 2019 году ўзначаліў міністэрства.

За апошні год гэта ўжо трэцяя сьмерць сярод высокіх беларускіх чыноўнікаў: 26 лістапада 2022 году памёр міністар замежных спраў Уладзімер Макей, 2 красавіка сёлета — намесьнік міністра эканомікі Беларусі Сяргей Міцянскі.

Дакладная прычына сьмерці Аляксея Аўраменкі пакуль невядомая.