Ужо сёньня: дзень народзінаў Марка Шагала

Мурал з Маркам Шагалам у Віцебску

Падзеі 6 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

6 ліпеня 1887 году ў мястэчку Лёзна Віцебскай вобласьці нарадзіўся Марк Шагал, адзін з самых знакамітых ураджэнцаў Беларусі, таленавіты жывапісец і графік, яскравы прадстаўнік мастацкага авангарду ХХ стагодзьдзя.

Дзень у гісторыі

1253 — вялікі князь літоўскі Міндоўг каранаваны ў сваёй рэзыдэнцыі ў Наваградку, які тады быў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.

1786 — даляр зрабіўся нацыянальнай валютай ЗША.

1947 — адбыўся Першы зьезд беларусаў у Остэргофэне (Нямеччына) і выбары Беларускага нацыянальнага камітэту (БНК), у які ўвайшлі Францішак Кушаль, Аўген Калубовіч, Леў Гарошка, Барыс Рагуля і іншыя.

1957 — адбылася першая сустрэча музыкаў Джона Ленана і Пола Макартні. У 1960 годзе яны разам з Джорджам Харысанам і Рынга Старам заснавалі знакаміты брытанскі рок-гурт The Beatles.​

Рынга Стар, Пол Макартні, Джордж Гарысан і Джон Ленан

У гэты дзень нарадзіліся

1851 — Янка Лучына, беларускі паэт. Ягоны зборнік «Вязанка» быў выдадзены пад выглядам кніжкі на баўгарскай мове, каб абысьці расейскую цэнзуру, якая забараняла беларускамоўны друк.

Янка Лучына

1887 — Марк Шагал, беларуска-францускі мастак габрэйскага паходжаньня.

1905 — Пятро Глебка, беларускі паэт, драматург, перакладчык.

Пятро Глебка

1907 — Фрыда Калё, мэксыканская мастачка.

1909 — Сяргей Грыцавец, лётчык і двойчы герой Савецкага Саюзу, паходзіў зь вёскі Бароўцы Баранавіцкага раёну. Бюст Грыцаўца доўгі час стаяў у Менску на тым месцы, дзе цяпер помнік Янку Купалу ў Купалаўскім сквэры. Цяпер бюст стаіць у іншым сквэры — на праспэкце Незалежнасьці. Сяргей Грыцавец з 1936 году ваяваў у Гішпаніі, у 1939-м змагаўся на рацэ Халхін-Гол.

1937 — Пятро Драчоў, беларускі мастак.

1946 — Джордж Буш-малодшы, 43-ці прэзыдэнт ЗША.

Джордж Буш-малодшы

1946 — Сыльвэстар Сталонэ, амэрыканскі актор.

1977 — Максім Мірны, беларускі тэнісіст.

У памяці

1415 — быў спалены Ян Гус, чэскі рэлігійны дзяяч, нацыянальны герой Чэхіі, прапаведнік, мысьляр, ідэоляг чэскай Рэфармацыі.

Помнік Яну Гусу ў Празе

1893 — памёр францускі пісьменьнік Гі дэ Мапасан.

1962 — памёр амэрыканскі пісьменьнік Уільям Фолкнэр, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1949 году.

Уільям Фолкнэр