Журналісты праекту «Схемы» украінскай службы Радыё Свабода сумесна з агенцтвам «Слідство. Інфо» ідэнтыфікавалі расейскіх вайскоўцаў і іх камандзіраў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Кахоўскай ГЭС у ноч з 5 на 6 чэрвеня, калі адбылося разбурэньне дамбы.
Размова ідзе аб вайскоўцах 205-й асобнай мотастралковай брыгады Сухапутных войскаў Расеі, асобы якіх удалося пацьвердзіць з дапамогай відэа, апублікаваных у расейскіх мэдыя. У расьсьледаваньні названы імёны чатырох вайскоўцаў: камандзіра брыгады Рамана Ц., сяржанта інжынэрна-сапэрнага батальёна Руслана М., маёра Дзяніса М. і Арсена П. з пазыўным «Грузін». Апошняга, як сьцьярджаюць журналісты, пасьля разбурэньня дамбы выклікалі ў Расею на ўзнагароджаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ня могуць вызначыць колькасьць ахвяр затапленьня пасьля зьнішчэньня Кахоўскай дамбыЖурналісты таксама высьветлілі, што байцы 205-й брыгады да гэтага часу знаходзяцца ў Новай Кахоўцы. Гэта пацьвердзіў у размове расгвардзеец, знаёмы з байцамі гэтай брыгады.
Расейскія вайскоўцы на аўтамабільным мосьце каля Кахоўскай ГЭС. Архіўнае фота
Расьсьледнікі таксама спасылаюцца на перахоп размоваў вайскоўцаў у ноч разбурэньня грэблі. Зь іх вынікае, што расейскія вайскоўцы рыхтаваліся нешта выканаць «па камандзе», але ў нейкі момант адбылося «надзвычайнае здарэньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывістка Грэта Тунбэрг абвінаваціла Расею ў экацыдзе на поўдні Ўкраіны- Прарыў дамбы Кахоўскай ГЭС адбыўся ў ноч на 6 чэрвеня. Яна разьмешчана вышэй Херсона па цячэньні Дняпра ў пасёлку Новая Кахоўка.
- Украіна, ЭЗ і Вялікая Брытанія ўсклалі адказнасьць за тое, што адбылося, на Расею.
- Кіеў лічыць, што гаворка ідзе аб «падрыве канструкцый знутры», зробленым у надзеі спыніць контранаступ УСУ.
- Расейскі бок адхіляе абвінавачаньні і называе прарыў Кахоўскай ГЭС «наўмыснай дывэрсіяй Украіны».
- Катастрофа нанесла вялізны ўдар па эканоміцы Ўкраіны і экалёгіі поўдня краіны і Чорнага мора.
- Міністар аховы здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко раней заявіў, што вада ў Дняпры забруджана ў 28 тысяч разоў больш за норму і ўся акваторыя ніжэй Кахоўскай дамбы «непрыдатная для выкарыстаньня».
- Ва Ўкраіне затоплена больш за 50 тысяч гэктараў лясоў, сама меней палова зь іх загіне, сказаў ён.