На ахову беларуска-расейскай мяжы адправілі вайскоўцаў гомельскай і горадзенскай памежнай групы, а таксама пінскага памежнага атраду. Пра гэта сьведчыць сэрыя тэндэраў на арганізацыю харчаваньня вайскоўцаў у 4 памежных пунктах з Расеяй, заўважыла выданьне «Флагшток».
З тэндэраў вынікае, што беларускія памежнікі плянуюць ахоўваць мяжу з Расеяй як мінімум да верасьня.
Вайскоўцы пінскага памежнага атраду дысьлякаваліся ў раёне Лёзна Віцебскай вобласьці. Тут знаходзіцца памежны пункт на аўтадарозе Р21 Віцебск — Смаленск. З траўня па чэрвень трохразовае харчаваньне арганізаванае для 30 вайскоўцаў.
Горадзенскіх памежнікаў адправілі ахоўваць мяжу з Расеяй у Расоны (аўтадарога Р132: мяжа РФ — Каханавічы) і Езярышча (аўтамагістраль М8). Горадзенская памежная група правяла ўжо два тэндэры на арганізацыю харчаваньня для вайскоўцаў: з траўня па чэрвень — для 17 чалавек у Расонах і для 20 чалавек у Езярышчы, з пачатку чэрвеня да сярэдзіны ліпеня, згодна з новай закупкай, — для 20 памежнікаў у Расонах і 22 — у Езярышчы.
Гомельскіх памежнікаў, згодна з тэндэрам, накіравалі ахоўваць беларуска-расейскую мяжу ў аграгарадок Зьвянчатка (траса Р43: мяжа РФ — Івацэвічы). З тэрмінаў замовы харчаваньня для 20 чалавек вынікае, што памежнікі будуць там сама меней да канца верасьня.
Інфармацыі пра тое, ці накіравалі яшчэ нейкія памежныя атрады і групы Беларусі ахоўваць расейска-беларускую мяжу, у адкрытых крыніцах не знайшлося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гадзіны ў чэргах, праверкі тэлефонаў, фіксацыя на камэру. Сьведкі расказалі, што адбываецца на беларуска-расейскай мяжы- 5 траўня Беларусь увяла памежны кантроль на сухапутнай мяжы з Расеяй. У тых, хто ўяжджае ў краіну на аўтамабілях, пачалі правяраць дакумэнты і багажнікі.
- Спачатку памежнікі правяралі расейцаў, аднак ужо празь некалькі дзён пачалі правяраць і беларускія аўтамабілі. Некаторых беларусаў пасьля праверкі дакумэнтаў выклікалі «на размову», патрабавалі разблякаваць тэлефон для надгляду і іншае. Вядомыя таксама выпадкі затрыманьня пасьля праверак на мяжы.
- Старшыня КДБ Іван Тэртэль 1 чэрвеня, камэнтуючы праверкі на межах Беларусі, падчас якіх у людзей правяраюць тэлефоны і дапытваюць, сказаў, што яны «накіраваныя на своечасовае выяўленьне і лякалізацыю дзейнасьці асобаў, якія выношваюць тэрарыстычныя, экстрэмісцкія памкненьні ў адносінах да Беларусі».