Партал Zerkalo.io прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Журналісты заявілі, што далей будуць паведамляць праўдзівыя навіны
Zerkalo.io
Таксама ў сьпіс дадалі сацыяльныя сеткі парталу.
Адпаведнае рашэньне прыняло МУС 9 чэрвеня.
Пра ўнясеньне парталу ў адпаведны сьпіс паведамілі праваабаронцы.
Партал «Зеркало» заснаваны некаторымі членамі закрытага ўладамі парталу Tut.by.
Стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Рэакцыя парталу
«Нягледзячы на ціск, з моманту стварэньня „Зеркало“ расказвала беларусам сапраўдныя навіны. І мы працягнем гэта рабіць незалежна ад статусаў, якія нам выдасьць рэжым», — заявіла 12 чэрвеня агенцтву BPN прэс-служба парталу.
«Мы ў такой сытуацыі далёка не адзіныя, у сьпісе фармаваньняў займаем 135-ы радок», — гаворыцца ў камэнтары.
Гэта толькі падкрэсьлівае сытуацыю, «якая адбываецца ў краіне са свабодай слова, свабодай волі», адзначылі ў рэдакцыі
«Раней толькі матэрыялы «Зеркала» былі экстрэмісцкімі, цяпер нас прызналі яшчэ і экстрэмісцкім фармаваньнем, — сьцьвярджаецца ў камэнтары. — Да гэтага на нашы мэдыя завялі крымінальную справу «аб адмаўленьні генацыду беларускага народ ў пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны або пасьляваенны пэрыяд».
У прэс-службе падкрэсьлілі: тое, што праз аналягічную сытуацыю праходзяць многія беларусы, значыць, што каманда «ня можа спыніць сваю работу», а толькі «стане яшчэ больш надаваць увагу бясьпецы».
«Усе гэтыя дзеяньні закліканыя прымусіць нас маўчаць, а чытачоў канчаткова зьмірыцца з рэчаіснасьцю і не глядзець па баках. Але маўчаньне — атрута. Сытуацыя ня стане лепшай ад таго, што аб праблемах і злачынствах перастануць казаць», — падкрэсьліла прэс-служба «Зеркала».
Міністэрства ўнутраных спраў 9 чэрвеня прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» беларускі мэдыяпраект «Зеркало», які працуе за мяжой, створаны часткай каманды разгромленага ўладамі парталу tut. by. Гэта вынікае з абноўленага пераліку на сайце МУС. Інфармацыя аб гэтым зьявілася 12 чэрвеня.
Акрамя сайту zerkalo. io у сьпісе фігуруюць рэсурсы гэтага СМІ ў сацыяльных сетках Фэйсбук, Інстаграм, «Вконтакте», «Однакласники», а таксама ютуб- і тэлеграм-каналы.