Соф'я Сапега пасьля памілаваньня адляцела з бацькам у Тайлянд

Соф'я Сапега падчас суду, травень 2022, Горадня

Памілаваная Аляксандрам Лукашэнкам грамадзянка Расеі Софʼя Сапега знаходзіцца ў Тайляндзе. Пра гэта ў інтэрвію выданьню PrimaMedia паведаміў яе бацька Андрэй Сапега. Паводле яго, ён дамовіўся з губэрнатарам Прыморскага краю Алегам Кажамякам пра «перадышку».

Андрэй Сапега таксама зазначыў, што ён і дачка зьбіраюцца вярнуцца ў Расею ўлетку.

Па словах бацькі, ключавую ролю ў вызваленьні дачкі адыграў ягоны сябар Жан Кузьняцоў, міністар спорту Прыморскага краю і хросны Софʼі Сапегі. Кузьняцоў дапамог зьвязацца з губэрнатарам рэгіёну, а той у сваю чаргу зьвязаўся з Лукашэнкам.

Андрэй Сапега таксама адзначыў, што настойваў на спыненьні зносінаў дачкі зь яе сябрам, былым рэдактарам тэлеграм-каналу Nexta Раманам Пратасевічам.

Бацька Сапегі ўдакладніў, што ня ведаў па сумесную паездку дачкі з Пратасевічам у Грэцыю да прымусовай пасадкі самалёта ў Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нарадзілася ва Ўладзівастоку, вучылася ў ЭГУ, супрацоўнічала з «ЧКБ». Расказваем пра Соф’ю Сапегу, якую памілаваў Лукашэнка

Камэнтуючы крымінальны перасьлед Сапегі, бацька расказаў, што ў справе налічылі 200-300 пацярпелых. Урон ім кампэнсавалі.

Андрэй Сапега адпрэчыў паведамленьні аб тым, што яго ён і дачка маюць якія-небудзь палітычныя абавязацельствы перад кіраўніцтвам Прыморскага краю.

  • Софʼю Сапегу затрымалі 23 траўня 2021 году разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-каналу Nexta​ Раманам Пратасевічам у менскім аэрапорце, пасьля таго як улады Беларусі пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню. Пара вярталася з адпачынку.
  • Соф'і прысудзілі шэсьць гадоў калёніі, абвінаваціўшы ў распальваньні сацыяльнай варожасьці, гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў унутраных спраў.
  • У студзені 2023 году Соф’і Сапезе адмовілі ў памілаваньні, нягледзячы на выплату грашовай кампэнсацыі.
  • Рамана Пратасевіча, які праходзіў па адной справе з Сапегай, прызналі вінаватым у змове з мэтай захопу ўлады ў Беларусі і арганізацыі масавых беспарадкаў. Яму прысудзілі восем гадоў пазбаўленьня волі. 22 траўня Пратасевіч атрымаў памілаваньне ад Лукашэнкі.
  • Пасьля затрыманьня Пратасевіч пачаў даваць беларускім дзяржаўным СМІ інтэрвію, у якіх крытыкаваў сваіх былых паплечнікаў. У той час Пратасевіч быў пад сьледзтвам і хатнім арыштам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка вызваліў Соф’ю Сапегу