Bloomberg: расейскія эліты ня вераць у шанцы Пуціна выйграць вайну супраць Украіны

Уладзімір Пуцін

Расейская эліта стамілася ад вайны і хоча яе спыненьня, хаця і сумняваецца, што Пуцін прыпыніць баявыя дзеяньні.

Аб гэтым піша Bloomberg з спасылкай на сем крыніц, знаёмых з сытуацыяй.

Найлепшым вынікам для Крамля нават самыя аптымістычна настроеныя крыніцы агенцтва называюць перамовы і замарожваньне канфлікту да канца году, пасьля якіх Пуцін мог бы аб’явіць піраву перамогу Расеі, утрымаўшы частку захопленай украінскай тэрыторыі.

Хоць ніхто з эліт і ня хоча супрацьстаяць прэзыдэнту ў сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну, яно пахіснула абсалютную веру ў ягонае лідэрства, заявілі чатыры суразмоўцы агенцтва.

«Эліта знаходзіцца ў тупіку: яны баяцца стаць ахвярнымі казламі за бессэнсоўную вайну», — сказаў Кірыл Рогаў, былы дарадца расейскага ўраду, які пакінуў краіну пасьля ўварваньня ва Ўкраіну.

Bloomberg апісвае настрой многіх прадстаўнікоў палітычнай і дзелавой эліт Расеі у Расеі ў дачыненьні да пэрспэктыў вайны ва Ўкраіне як «маркота, якая нарастае», што, як адзначае агенцтва, хутчэй за ўсё, узмоцніць перакладаньне адказнасьці за няўдалае ўварваньне зь вялізнымі стратамі безь якіх-небудзь значных посьпехаў на полі бою.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскага дэпутата, які засумняваўся ў мэтах вайны супраць Украіны, могуць выключыць з партыі

Напады бесьпілётнікаў унутры Расеі, у тым ліку ў Маскве, узмацняюць пачуцьцё неабароненасьці, а распаўсюджваньне баявых дзеяньняў на Белгарадзкую вобласьць «кінула выклік іміджу» Пуціна як гаранта бясьпекі Расеі, гавораць суразмоўцы Bloomberg.

У гэтай сытуацыі, зазначаюць яны, нават тыя, хто падтрымлівае ўварваньне, расчараваліся ў пэрспектывах Расеі ў вайне, якая павінна была завяршыцца на працягу некалькіх дзён, а ідзе ўжо паўтара года.

Адзін зь іх дэпутат Дзярждумы Канстанцін Затулін, які ўсумніўся ў дасягненьні мэт так званай «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».

Большасьць прадстаўнікоў эліты «не паднімаюць галовы» і працягваюць сваю працу, перакананыя, што яны не могуць уплываць на падзеі, гавораць суразмоўцы агенцтва. Уладзімір Пуцін, паводле іх, не праяўляе ніякіх прыкмет жаданьня пакласьці канец вайне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея скарачае пастаўкі газу ў Эўразьвяз да рэкорднага мінімуму і зьніжае нафтаздабычу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін падпісаў закон, які прадугледжвае дэпартацыю жыхароў анэксаваных тэрыторый Украіны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.