Фінляндыя абвясьціла пра высылку дзевяці расейскіх дыпляматаў

Хэльсынкі, Фінляндыя

Супрацоўнікі расейскай амбасады, якія будуць высланыя з краіны, выконвалі выведныя функцыі. Іх дзеяньні парушаюць Венскую канвэнцыю аб дыпляматычных зносінах, гаворыцца ў прэс-рэлізе ўраду Фінляндыі.

Фінскае МЗС мае намер праінфармаваць пра гэта амбасадара Расеі ў Хэльсынкі, паведамляе «Настоящее время».

На мінулым тыдні МЗС Расеі абвясьціла аб закрыцьці з 1 ліпеня канцылярыі амбасады Расеі ў фінскім горадзе Лапеенранта. Адклікаецца таксама згода на дзейнасьць Петразаводзкага і Мурманскага аддзяленьняў генэральнага консульства Фінляндыі ў Санкт-Пецярбургу, якія працавалі з пачатку 1990-х гадоў.

Рашэньне аб гэтым, як сказана ў прэс-рэлізе міністэрства, «абумоўлена канфрантацыйным курсам», які, як лічыць Масква, праводзіцца Фінляндыяй у дачыненьні да Расеі.

Раней журналісты з Даніі, Нарвэгіі, Швэцыі і Фінляндыі высьветлілі, што ў Паўночным і Балтыйскім морах дзясяткі расейскіх нібыта дасьледчых суднаў ходзяць з адключанымі датчыкамі і зьбіраюць дадзеныя пра інфраструктурныя аб’екты паўночных краінаў. Калі журналісты падплылі да аднаго з такіх дасьледчых суднаў, «Адмірала Ўладзімірскага», яны знайшлі на борце чалавека ў балаклаве і бронекамізэльцы з аўтаматам наперавес.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Фінляндыі прагназуе крызіс АБСЭ праз пазыцыю Беларусі і Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ВМС Швэцыі і Фінляндыі падвысілі ўзровень боегатоўнасьці праз асьцярогу магчымага расейскага ўдару па энэргасетках
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінляндыя стала 31-й краінай NATO. Мяжа Расеі з альянсам вырасла на 1300 км