За рысай беднасьці ў Беларусі 3,9% насельніцтва, — афіцыйныя зьвесткі Белстату

Крама ў Менску, ілюстрацыйнае фота.

Белстат апублікаваў дадзеныя адносна колькасьці людзей, якія апынуліся за рысай беднасьці.

У прыблізна 359 тысячаў маламаёмасных жыхароў Беларусі наяўныя рэсурсы былі ніжэйшыя за бюджэт пражытковага мінімуму. Цяпер гэты бюджэт у сярэднім на душу насельніцтва складае 352,13 рубля ў месяц, нагадвае Zerkalo.

Больш за ўсё за рысай беднасьці (у працэнтных суадносінах) у Магілёўскай вобласьці — 5,9% ад колькасьці насельніцтва, а менш за ўсё — у Менску (1,2%). Для параўнаньня: у Берасьцейскай вобласьці гэты паказчык складае 5,5%, у Гомельскай — 5,4%, у Віцебскай — 5,1%, у Горадзенскай — 3%, а ў Менскай — 2,8%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэальныя пэнсіі ў Беларусі падаюць чацьвёрты месяц запар

У Менску на пачатак году пражываў 1 995 471 чалавек. Калі зыходзіць з гэтых зьвестак, дык за рысай беднасьці было каля 24 тысяч жыхароў сталіцы.

На праблему малазабясьпечаных раней зважалі прафсаюзы. У фэдэрацыі прафсаюзаў заяўлялі, што ў некаторых раёнах сярэдняя зарплата не дазваляе насельніцтву рабіць пакупкі і аплачваць паслугі ў межах мінімальнага спажывецкага бюджэту.

На 1 студзеня гэтага году насельніцтва Беларусі складала 9 200 617 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску зафіксавалі рэкорднае падзеньне даходаў насельніцтва
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вальфовіч заявіў, што ўлады не павялічваюць выдаткаў на армію, каб беларусы жылі камфортна. Але гэта няпраўда