Суд над пісьменьніцай
У судзе Цэнтральнага раёну Менску 30 траўня асудзілі Яну Цэглу паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу. Судзьдзя Дзьмітры Карсюк прызначыў Яне 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Яну затрымалі 6 красавіка 2023 году. Да суду яе ўтрымлівалі пад вартай.
Яна Цэгла — пісьменьніца, аўтарка казак. Скончыла гістарычны факультэт БДУ. Вучылася ў літаратурнай школе Адама Глобуса. Апошні год дзяўчына працавала ў ЛіМе («Літаратура і мастацтва») журналісткай. Яна заснавала часопіс маладога беларускага мастацтва «Маскарад».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Аліне Горавай, у якой моцна пагоршылася здароўе ў СІЗА, прысудзілі год «хатняй хіміі»Аршанец адседзеў 10 «сутак» за лёзунгі «Жыве Беларусь» і «Слава Ўкраіне»
Судзьдзя суду Аршанскага раёну і г. Воршы Мікалай Драгуноў 18 траўня пастанавіў арыштаваць на 10 дзён Алега Масальскага за нібыта праведзены пікет — дакладней, за выкрыкваньне лёзунгаў «Жыве Беларусь» і «Слава Ўкраіне», паведамляе «Віцебская Вясна».
У судовым паседжаньні Масальскі растлумачыў, што днём 7 траўня ўжываў сьпіртовыя напоі. Потым накіраваўся на прыпынак, дзе сустрэў раней незнаёмага мужчыну ў вайсковай форме. Алег вырашыў праверыць, якое стаўленьне мае вайсковец да падзеяў «у Беларусі і Ўкраіне», стаў выкрыкваць адпаведныя лёзунгі.
Сьведка зь ліку вайскоўцаў пацьвердзіў, што Масальскі быў у стане алькагольнага ап’яненьня, стаў да яго чапляцца, пры гэтым пачаў гучна выкрыкваць «апазыцыйныя лёзунгі». Вайсковец патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў пра гэта.
Затрыманы каталіцкі сэмінарыст Уладзіслаў Беладзед
31 траўня затрымалі рыма-каталіцкага сэмінарыста Ўладзіслава Беладзеда. Яго даставілі ў Цэнтральны РУУС Менску. У гэты момант Уладзіслаў знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна.
- Уладзіслаў Беладзед — выпускнік Інстытуту тэалёгіі БДУ, пасьля заканчэньня якога паступіў у рыма-каталіцкую сэмінарыю і праходзіў практыку ў Менскім Архікатэдральным саборы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сілавікі апублікавалі відэа з затрыманым сэмінарыстамСтаронку Ціханоўскай у Instagram з 153 тысячамі падпісчыкаў прызналі «экстрэмісцкай»
Суд Гомельскага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» старонку ў Instagram дэмакратычнай лідэркі Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай. Пра гэта паведаміла раённая дзяржаўная газэта «Маяк».
З адпаведным хадайніцтвам у суд зьвярнуўся намесьнік пракурора Гомельскага раёну Аляксандар Шынкароў. Праведзеная супрацоўнікамі нагляднага ведамства «праверка» ўстанавіла, што на старонку Ціханоўскай «падпісана 153 тысячы чалавек, зроблена практычна 1,5 тысячы публікацый», і там нібыта публікуюцца «заклікі да арганізацыі і правядзеньня незаконных сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацый, пікетаваньня і іншая экстрэмісцкая дзейнасьць».
Суд пастанавіў задаволіць патрабаваньні намесьніка пракурора і прызнаў старонку Ціханоўскай у Instagram «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Былая дэпутатка Алена Анісім адбыла 12 дзён адміністрацыйнага арышту па абвінавачаньні ў дробным хуліганстве«Група падтрымкі Ўкраіны». У Магілёве затрымалі траіх мужчын
Відэа з затрыманымі зьявілася ў дзяржаўным канале Магілёва — «Беларусь 4», піша «Наша Ніва».
Спачатку паказваюць кадры затрыманьня 53-гадовага прадпрымальніка Ўладзімера Тычынскага. Родам ён з Аршанскага раёну, але доўгі час жыве ў Магілёве, мае ўласны бізнэс па вытворчасьці ўваходных дзьвярэй, а таксама фірму ў Расеі, якая іх прадае. На кадрах, зьнятых ГУБАЗіКам, паказваюцца «доказы віны» Ўладзімера Тычынскага — гэта ўкраінская сымболіка ў аўтамабілі і ў яго дома.
Разам з Уладзімерам затрымалі дваіх мужчын, якіх называюць «групай падтрымкі Ўкраіны». Першы затрыманы кажа, што нібыта «Ўладзімер прапанаваў зьліць зьвесткі знаёмых у «Чорную кнігу Беларусі», але ён «адмовіўся, і з таго часу адносіны разладзіліся». За што яго затрымалі — увогуле незразумела.
Другі затрыманы кажа, што яны з Уладзімерам аднадумцы: «Ён, як і я, асуджае дзеяньні Расеі ва Ўкраіне». Іншай інфармацыі пра яго няма.
Дзяржаўны канал сьцьвярджае, што «праводзіцца праверка», а дзеяньням мужчын «даецца прававая ацэнка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Баранавічах інваліда адправілі ў калёнію на 4,5 года за карыкатуры на ЛукашэнкуГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Менску затрымалі забудоўніка комплексу «Менск-Сьвет»