Чачэнскую сям’ю, якая прарвалася праз польска-беларускую мяжу, узялі пад апеку расейскія дыпляматы

Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Жанчына з траімі дзецьмі, якім удалося прарвацца праз польска-беларускую мяжу без пашпартоў, знаходзіцца ў сваякоў у Берасьці.

У амбасадзе Расеі ў Беларусі паведамілі, што жанчына з траімі дзецьмі, якім удалося прарвацца праз польска-беларускую мяжу без пашпартоў, знаходзіцца ў сваіх сваякоў у Берасьці.

«Усе неабходныя дзеяньні з нашага боку зробленыя. Калегі з Генэральнага консульства Расеі ў Берасьці апэратыўна адрэагавалі. Консул забраў сям’ю зь беларускага памежнага пункту і адвёз да сваякоў, якія жывуць у Берасьці», — паведаміў у тэлеграм-канале прэс-сакратар расейскай амбасады Аляксей Маскалёў.

Паводле яго, з жанчынай і дзецьмі ўсё ў парадку.

«Цяпер праводзяцца абавязковыя ў такім выпадку працэдуры для вяртаньня нашых грамадзян на радзіму. Хачу падзякаваць беларускім калегам за дапамогу і дакладнае ўзаемадзеяньне», — дадаў ён.

Напярэдадні Беларуская тэлевізія паведаміла, што жанчына нарадзілася ў Чачэніі і зьяўляецца грамадзянкай Расеі. Яна паведаміла, што пераехала са старэйшымі дзецьмі ў Эўропу да мужа ў 2014 годзе. Яны жылі ў Швэцыі, дзе празь іхнае затрыманьне дваіх дзяцей забралі і перадалі апекунам. Жанчына патлумачыла прарыў мяжы пабойваньнем, што іх ня выпусьцяць з тэрыторыі Эўразьвязу. Аб прычынах затрыманьня яна нічога не паведаміла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейская сям’я на BMW пратараніла шлягбаўм на памежным пераходзе ў Тарэспалі, каб трапіць у Беларусь

Інцыдэнт адбыўся а 7-й раніцы 30 траўня. Машына BMW, у якой знаходзіліся двое дарослых, мужчына і жанчына, пад’ехала да польскіх памежнікаў. Пару суправаджалі трое дзяцей, адно дзіця было з расейскім пашпартам, двое — са швэдзкім.

Калі памежнік забраў пашпарты для агляду, BMW памчаўся ў беларускім кірунку. Аўтамабіль пратараніў барʼеры і праехаў праз разгорнутыя шыпавыя палосы.

Машына спынілася пасярод памежнага моста. Жанчыне зь дзецьмі ўдалося перасячы мяжу і трапіць у Беларусь. Мужчыну схапілі. Ён будзе несьці адказнасьць за спробу перасячэньня мяжы сілай і нанесеную шкоду.

Як удалося высьветліць журналістам, дваім дзецям, якіх везла расейская пара, забаронена пакідаць Швэцыю.