Моластаў замяніў Анатоля Лапо, які знаходзіўся на пасадзе ад канца 2016 году. Свабода паглядзела, што вядома пра новага прызначэнца.
Родам з Расеі
Канстанцін Моластаў нарадзіўся ў 1970 годзе ў Красаармейску Саратаўскай вобласьці Расеі. У хуткім часе сям’я пераехала ў Беларусь, Канстанцін скончыў школу ў Горадні. Быў прызваны на тэрміновую службу ў памежныя войскі. Службу праходзіў у Сярэдняй Азіі.
У 1989 годзе паступіў у Вышэйшае каманднае памежнае вучылішча КГБ СССР, якое знаходзілася ў Алма-Аце. Закончыўшы, трапіў на службу ў Горадзенскі памежны атрад. У 2004 годзе Моластаў скончыў Памежную акадэмію ФСБ Расеі.
Потым Моластаў папрацаваў на самых розных участках беларускай мяжы — Гомель, Полацак, Ліда, Берасьце. У 2014 годзе зноў вярнуўся ў Горадню, дзе ўзначаліў мясцовую памежную службу.
Аляксандар Лукашэнка і Канстанцін Моластаў, новы кіраўнік Дзяржпамежкамітэту. Менск, 30 траўня 2023
Звальняў за пазыцыю
У 2020 годзе з вайсковай часткі 2141 ў Горадні звольнілі афіцэра-памежніка Аляксандра Васько, які перад тым асудзіў гвалт сілавікоў у дачыненьні мірных дэманстрантаў. Тая вайсковая частка якраз знаходзілася ў падпарадкаваньні Канстанціна Моластава.
У 2021 годзе Моластаў трапіў у санкцыйны сьпіс Эўразьвязу як асоба, якая мае дачыненьне да міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы.
Асноўныя падзеі таго часу адбываліся на памежным пераходзе «Брузгі», які акурат зьяўляецца сфэрай адказнасьці Моластава.
«Паток ахвотнікаў трапіць у краіны Эўразьвязу не скарачаецца. Людзей, якія аказаліся ў няпростых жыцьцёвых умовах і шукаюць міжнароднай абароны ў краінах, якія самі ж іх паклікалі да сябе, не страшаць ніякія перашкоды. Гэтыя людзі зьнясіленыя і маюць патрэбу ў мэдыцынскай дапамозе. На жаль, ня ўсім мы можам дапамагчы. Факты гібелі не адзінкавыя, у тым ліку і на нашым участку», — казаў Моластаў нядаўна ў інтэрвію выданьню «Гродзенская праўда».
У Канстанціна Моластава адзіны сын Захар. Ён пайшоў па сьцежцы бацькі, скончыў Інстытут памежнай службы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка адправіў у адстаўку старшыню Памежнага камітэта Лапо, якому ўкраінскі калега перадаваў 30 срэбранікаў