У Грузіі актывісты прыйшлі да гатэля, у якім, паводле СМІ, спынілася дачка Лаўрова

Раніцай 20 траўня грузінскія актывісты прыйшлі да гатэльнага комплексу Kvareli Lake Resort у рэгіёне Кахэція з прычыны паведамленьняў у СМІ, што там спынілася дачка міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова Кацярына Вінакурава, піша «Настоящее время».

Гатэль ачапілі супрацоўнікі паліцыі. Як паведамляе карэспандэнт грузінскай службы Радыё Свабода, на мітынг сабраліся прадстаўнікі апазыцыйных партыяў і грамадзянскія актывісты з Кахэціі і Тбілісі. Яны закідалі яйкамі мікрааўтобусы, якія выяжджалі з гатэля, выказаўшы здагадку, што ў іх могуць знаходзіцца чальцы сям’і Лаўрова.

Сілавікі ўжо затрымалі пяць актывістаў, якія прыехалі да гатэля, піша Mtavari.

Гатэльны комплекс Kvareli Lake Resort, дзе імаверна знаходзіцца дачка Лаўрова

Каля гатэлю таксама знаходзіцца былы сябар «Адзінага нацыянальнага руху» Ніка Мелія. Ён расказаў журналістам, што адміністрацыя гатэля пацьвердзіла яму, што ў комплексе знаходзяцца чальцы сямʼі Лаўрова, у тым ліку яго дачка.

Увечары 19 траўня грузінскі тэлеканал Mtavari Arkhi паведаміў без спасылкі на крыніцу, што ў Грузію прыехалі дачка міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова Кацярына Вінакурава (Лаўрова) з мужам Аляксандрам Вінакуравым, каб наведаць вясельле брата Вінакурава. Mtavari Arkhi сьцьвярджае, што сьвяткаваньне вясельля заплянаванае ў Kvareli Lake Resort.

На старонцы гатэля ў Фэйсбуку напісана, што ў іх не спыняліся людзі з прозьвішчам Лаўроў і прыбыцьцё дачкі Лаўрова ў гатэль «не адпавядае рэчаіснасьці».

Журналіст Mtavari Arkhi патэлефанаваў у Kvareli Lake Resort і сказаў, што ён кур’ер кветкавай крамы, дзе на імя Кацярыны Лаўровай замоўлены букет, і спытаў, ці на месцы госьця. Прадстаўнік гатэля, як сьцьвярджае тэлеканал, пацьвердзіў, што букет можна дасылаць.