Беларускі Гаюн: Беларусь за 20 кілямэтраў ад мяжы з Украінай будуе фартыфікацыю з «зубоў цмока»

На ўкраінска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Падобныя ўмацаваньні пачалі выкарыстоўваць падчас Другой усясьветнай вайны, каб перашкаджаць руху танкаў і пяхоты.

На выезьдзе з паселішча Калініна Гомельскага раёну ідзе будаўніцтва фартыфікацыйных збудаваньняў у кірунку мяжы з Украінай.

Як паведаміла маніторынгавая група «Беларускі Гаюн», уздоўж трасы М8 у напрамку Ўкраіны ў полі ўжо пабудавалі лінію супрацьтанкавых умацаваньняў, так званыя «Зубы цмока».

«Зубы цмока» — гэта квадратна-пірамідальныя ўмацаваньні з жалезабэтону. Вышыня аднаго «зуба» — ад 90 да 120 сантымэтраў. Падобныя ўмацаваньні пачалі выкарыстоўваць падчас Другой усясьветнай вайны, каб перашкаджаць руху танкаў і пяхоты. Галоўная іх задача — запаволіць рух бранятэхнікі і накіраваць яе ў зоны паразы. «Зубы цмока» атрымалі вядомасьць дзякуючы іх выкарыстаньню для збудаваньня так званай «засечнай рысы» на акупаваных тэрыторыях Украіны і ў памежных абласьцях Расеі.

Перавозка «зубоў цмока». Ілюстратыўнае фота

Паводле зьвестак «Беларускага Гаюна», вытворчасьцю «зубоў цмока» займаюцца 6 беларускіх кампаній, якія пастаўлялі іх і ў Расею.

У Савеце бясьпекі Беларусі патлумачылі ўзмацненьне мяжы з Украінай

Дзяржсакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў аб спробах чыніць правакацыі і ўвозіць праз украінскую мяжу «зброю, выбухоўку і іншыя рэчы не на карысьць міру».

Як паведаміла выданьне «Спутник» , расказваючы пра ўмацаваньне мяжы, Аляксандар Вальфовіч назваў украінцаў «прыязным нам родным народам». «Але апошнім часам ажыцьцяўляюцца спробы перайсьці мяжу і ўчыніць дывэрсіі», — працытавала выданьне Аляксандра Вальфовіча.

Паводле яго, да аховы мяжы далучылі вайскоўцаў, якія «прыкрываюць дзеяньні органаў памежнай службы ў мэтах папярэджаньня розных правакацый».

«Найперш, з заходняга кірунку, каб ня ўдарылі нам у сьпіну з заходняга кірунку і Ўзброеным сілам Расейскай Фэдэрацыі, якія праводзяць спэцыяльную ваенную апэрацыю на тэрыторыі Ўкраіны», — адзначыў ён.

Ніякіх канкрэтных выпадкаў спроб увозу зброі, выбухоўкі і правакацый Аляксандар Вальфовіч не назваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ацаніў магчымасьці ўкраінскага контранаступу і заклікаў да перамоваў

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы 18 траўня з удзельнікамі пасяджэньня Рады Парлямэнцкай асамблеі АДКБ скептычна выказаўся пра ўкраінскі контранаступ і назваў яго «дэзынфармацыяй».

«Мушу сказаць, самая вялікая дэзынфармацыя — гэты „контранаступ“. Ніякага „контранаступу“, на мой погляд, няма і быць ня можа. Адзін да пяці на фронце ваяваць у тэхніцы і жывой сіле — гэта проста вар’яцтва! Не, трэба нагнятаць, трэба накручваць украінцаў, каб працягваць і ўтапіць нас у гэтым супрацьстаяньні. У гэтым сёньня сутнасьць на фронце. Мы гэта бачым. Гэта ў нас проста за плотам», — цытуе Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА зь ягонага выступу перад удзельнікамі пасяджэньня Рады Парлямэнцкай асамблеі АДКБ.

11 траўня ў Гомельскай вобласьці пачаліся трохтыднёвыя зборы тэрытарыяльных войскаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску і Гомельскай вобласьці пачаліся трохтыднёвыя зборы тэрытарыяльных войскаў

У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.

10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.

У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.

Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хоць беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.

Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне праціўніка зь Беларусі.