Паўтоны какаіну спрабавалі вывезьці ў Беларусь з Расеі

Затрыманы какаін. Скрыншот зь відэа, апублікаванага цэнтрам грамадзкіх сувязяў ФСБ Расеі

Лацінаамэрыканскі какаін, які перахапілі на расейска-беларускай мяжы, быў у схованцы ў фуры.

Расейская ФСБ затрымала на расейска-беларускай мяжы 492 кіляграмы какаіну, які спрабавалі вывезьці на дзьвюх фурах са Смаленскай вобласьці, паведамляе ТАСС з спасылкай на прэс-службу ФСБ.

«Фэдэральнай службай бясьпекі спынена новая спроба ўвозу ў Расею лацінаамэрыканскага какаіну. Чарговая партыя какаіну, якая рухалася ў кірунку Рэспублікі Польшчы, канфіскаваная на расейска-беларускай мяжы ў Смаленскай вобласьці», — адзначылі ў Цэнтры грамадзкіх сувязяў ФСБ.

Паводле інфармацыі ведамства, падчас надгляду велікагрузнага аўтамабіля зь дзяржаўным рэгістрацыйным знакам Турэцкай Рэспублікі супрацоўнікі ФСБ Расеі знайшлі схованку, у якой было 116 упаковак з наркотыкамі. Аналягічным маршрутам ішоў яшчэ адзін аўтамабіль з партыяй какаіну.

У ім у такой жа схованцы знайшлі 373 упакоўкі з наркатычнымі сродкамі. Агульная вага канфіскаванага ў дзьвюх фурах какаіну склала 492 кг.

Затрымалі замежнага грамадзяніна – арганізатара кантрабанды наркотыкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўрапол выкрыў міжнародную банду. Арышты і ператрусы адбыліся ў дзесяці краінах