Украіна і Расея фактычна абмяняліся палоннымі

Украінскія вайскоўцы пасьля вызваленьня

Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак 6 траўня паведаміў, што з расейскага палону Ўкраіне ўдалося вярнуць 45 вайскоўцаў нацыянальнай гвардыі, у тым ліку 3 жанчын, якія абаранялі Марыюпаль.

«Усе яны — нацгвардзейцы з падразьдзяленьня, створанага 9 гадоў таму на азоўскіх берагах. 35 шарагоўцаў і сяржантаў, 10 афіцэраў» — напісаў Ярмак у сваім Тэлеграм-канале.

У той жа дзень Мінінстэрства абароны Расеі паведаміла, што з украінскага палону ў Расею вярнуліся трое ваенных лётчыкаў. У заяве міністэрства гаворыцца, што гэта адбылося «ў выніку складанага перамоўнага працэсу«, а лётчыкам «у палоне пагражала сьмяротная небясьпека». Гэта стандартныя фармулёўкі, іншых падрабязнасьцяў не прыводзіцца.

Ні расейскі, ні ўкраінскі бок фармальна не называюць тое, што здарылася, абменам палоннымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджанага ва Ўкраіне беларуса з ПВК «Вагнэр» вызвалілі ад пакараньня — ён трапіў у сьпіс абмену ваеннапалоннымі