«Толькі праз культуру мы можам зноў адрадзіцца». Рэпартаж з выставы мастачкі, якая стварае вобразы нажніцамі і фарбамі

Адкрыцьцё выставы беларускай мастачкі Надзеі Букі. Справа карціна «Немагчыма маўчаць». Варшава, 4 траўня 2023

Выстава Надзеі Букі мае назву «Адраджэньне». Мастачка ўпершыню прадставіла гледачам карціну «Немагчыма маўчаць», якую намалявала ў эміграцыі, а таксама дзясяткі сваіх «буцінанак».

«Буцінанкамі» беларуская мастачка Надзя Бука называе выцінанкі з каляровай паперы, выкананыя ў аўтарскай манэры манікюрнымі нажніцамі.

Надзя Бука

«У Менску карціну „Немагчыма маўчаць“ мне не дазволілі б выставіць»

Пасьля відэапрэзэнтацыі і пэрформансу пра нараджэньне казачнай істоты Пігласа Надзя прадставіла першую карціну, намаляваную ў эміграцыі (мастачка прыехала ў Польшчу 18 лістапада 2022 году).

Аўтарка кажа, што першы месяц у Варшаве нічога не малявала, толькі плакала. Яна мастак-сымбаліст, і на ўсіх творах можна пабачыць розныя сымбалі і знакі.

Карціна Надзі Букі «Немагчыма маўчаць»

«Карціна „Немагчыма маўчаць“ — сымбаль таго, што беларусам не даюць выказацца, не даюць права голасу. Я выкарыстоўваю манахромны сіні колер, але рот заклеены чырвоным скотчам, у Пігласа дзюба таксама перавязаная чырвонай нітачкай. Гэта ўсё сымбалічна.

Я ў ліку мастакоў, забароненых у Беларусі. На жаль. У Менску мне такую карціну не дазволілі б выставіць. Мы — мастакі, творцы, музыкі, акторы, рэжысэры, якія зьехалі за мяжу, — не павінны маўчаць. І сваімі творамі мы прамаўляем, што мы таксама тут хочам працягваць творчае жыцьцё і гаварыць праўду. Толькі праз культуру мы можам зноў адрадзіцца. І стаць моцнымі», — разважае Надзея Бука.

Надзя Бука


«Калі я працавала на СТВ, адразу сказала кіраўніцтву, што пра палітыку я ня буду здымаць сюжэты»

Надзея Бука нарадзілася ў Маладэчне, у 15 гадоў стала стыпэндыяткай Фонду прэзыдэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, заняла першае месца ў міжнародным конкурсе «Дзеці сьвету малююць Ерусалім». Удзельнічала ў дзясятках прэстыжных мастацкіх выстаў. Скончыла Маладачанскую музычную вучэльню, факультэт журналістыкі БДУ. Выкладала выяўленчае мастацтва, уладкавалася на працу на «Сталічную тэлевізію» — нібыта ўсё складвалася пасьпяхова. Але ў 2013 годзе звольнілася з СТВ і крута зьмяніла свой лёс.

Адкрыцьцё выставы беларускай мастачкі Надзі Букі ў Варшаве, 4 траўня 2023

«Калі я працавала на СТВ, адразу сказала кіраўніцтву, што пра палітыку я ня буду здымаць сюжэты. Я думала, што мяне «папруць» з працы, бо гэта ж дзяржаўны канал! Але тады быў дэфіцыт кадраў, мяне пакінулі, потым на мяне «забыліся», праўда, паміж сабой называлі мяне «анархісткай». Я здымала сюжэты пра сацыялку, культуру, мэдыцыну, інвалідаў.

У 2011 годзе, калі ў Беларусі пачаліся «маўклівыя акцыі» (калі людзі пляскалі ў далоні і забаранілі зьбірацца кампаніямі больш за тры чалавекі), Надзеі даручылі са здымачнай групай зрабіць рэпартаж с такой акцыі.

«Мая пазыцыя заўсёды была цьвёрдая: я пайшла да дырэктаркі аддзела навінаў і заявіла, што ня буду гэтай акцыі асьвятляць. Яна сказала, што звальняе мяне з навінаў. Але калегі мне пляскалі стоячы! Урэшце мяне перавялі ў іншы аддзел — забаўляльных праграм, заробкі там былі зусім іншыя, нашмат меншыя. Але ў 2013 годзе я звольнілася сама з СТВ», — успамінае той выпадак Надзея.

Адкрыцьцё выставы беларускай мастачкі Надзі Букі, Варшава, 4 траўня 2023

Прыдумала казачную істоту Піглас, падобную на птушку і вока адначасова

Сур’ёзна мастацтвам яна пачала займацца значна раней, чым працаваць на тэлевізіі. І мастацтва пераважыла — Надзя зразумела, што ад сябе нікуды не ўцячэш.

«Вядома, журналістыка — рэч вельмі цікавая, сустрэчы зь неймавернымі, цудоўнымі людзьмі. Але Божачка мяне заўсёды накіроўваў у маляваньне, і маляваньне заўсёды мяне ратавала», — прызнаецца мастачка.

Надзя пачала ілюстраваць дзіцячыя кніжкі і выкладаць дзецям выяўленчае мастацтва. Займалася зь дзецьмі з абмежаванымі магчымасьцямі, зь дзіцячых дамоў, арганізавала для іх рэспубліканскі конкурс «Сьвет маімі вачыма». Калі зьявіліся свае дзеткі, Надзя зразумела, што ім не хапае добрых герояў, казак. І пачала пісаць дзіцячыя кніжкі і сама іх ілюстраваць: «Бася і Піглас», «Бася і чароўны сьвет».

Кнігі Надзі Букі

У кнізе «Бася і Піглас» Надзя Бука апісвае гісторыю нараджэньня казачнай істоты Пігласа, якая выглядае, як вока з крыламі, любіць драўляныя прышчэпкі і размаўляе бурбалкамі. Пігласа можна ўбачыць на многіх карцінах і так званых «буцінанках» мастачкі Букі.

У 2018 годзе аўтарка ўвайшла ў пяцёрку найлепшых дзіцячых ілюстратараў Беларусі. У мастацкіх галерэях, салёнах праходзяць пэрсанальныя выставы Надзеі «Бязь межаў». Яна ўдзельніца «Восеньскіх салонаў» зь Белгазпромбанкам у Менску і Вільні праектаў «Ліхтарт», «Пастулят» у Менску, «Бумпром» у Маскве, «Чорны квадрат» у Пецярбургу.

Экспанаты выставы


«Я трапіла ў „чорны сьпіс“. Мяне забаранілі як мастака»

2020 год стаў пунктам адліку і для мастачкі Надзі Букі, і для журналісткі Надзеі Букі.

«Я трапіла ў „чорны сьпіс“. Мяне забаранілі як мастака. Некалькі разоў мае карціны здымалі літаральна ў першы дзень пасьля адкрыцьця выстаў: прыходзіла вядомая жанчына зь Мінкульту і давала ўказаньне, што зьняць. Мяне звольнілі з мастацкай школы, дзе я выкладала.

Але нейкім цудам захавалася яшчэ мая ўласная студыя, у стварэньне якой мы ўклалі свае грошы. Студыя праіснавала два месяцы», — расказвае Надзея.

Нечакана ў лістападзе 2022 году Надзею выклікалі ў суд у якасьці сьведкі ў крымінальнай справе «Честных людей». Дасьведчаныя асобы папярэдзілі, што калі яна туды пойдзе, то дакладна ня выйдзе.

Адкрыцьцё выставы беларускай мастачкі Надзі Букі ў Варшаве, 4 траўня 2023

«Я думала: „Толькі б з глузду ня зьехаць“, вельмі перажывала за дзяцей»

18 лістапада 2022 году Надзея выехала зь Беларусі. Паехала яна раптоўна, адна, безь сям’і, бо візаў не было ні ў дзяцей, ні ў мужа.

«Калі я махала дзецям рукой з аўтобуса на Варшаву, яны ўсьміхаліся. Мне нібыта таксама трэба ўсьміхацца, а я і муж разумеем, што ня ведаем, калі пабачымся зноў! А дзеці ўсьміхаюцца, таму што не разумеюць усёй праўды.

Я чатыры месяцы жыла адна ў сяброўкі ў Варшаве. Гэта былі жудасныя часы, і я думала, як толькі ня зьехаць з глузду: вельмі перажывала за дзяцей, ці выпусьцяць іх зь Беларусі.

І вось Новы год, усе зь сем’ямі, ва ўсіх тосты. А ў мяне ў Беларусі муж, два сыны, котка. І адно пажаданьне на 2023 год: «Толькі б не звар’яцець!».

Бука прызнаецца, што выратавала праца. Яшчэ калі яна была ў Менску, патэлефанавала сяброўка і паведаміла, што ў Варшаве будзе выдавацца дзіцячая кніга беларусіх вершаў.

«Сяброўка папрасіла мяне стаць ілюстратарам. Я павінна была намаляваць 40 ілюстрацый для кнігі. У Менску я пасьпела намаляваць толькі адну. І тут я раптам еду ў Варшаву.

Першы месяц у Варшаве я нічога не малявала, я толькі плакала. Але ў сьнежні прысьпешвалі тэрміны — я ўзялася за фарбы. Пасьпела ўсё зрабіць», — кажа мастачка.

Месяц таму ў Варшаву прыехала сям’я Надзеі. Муж — эканаміст, але давялося ўладкавацца на працу таксістам. Старэйшаму сыну Яўгену 16, ён вучыцца ў ліцэі. Малодшаму Яну — 8, пайшоў у школу. Надзя працягвае маляваць. Пачала вучыць польскую мову. Марыць стварыць у Варшаве дзіцячую мастацкую студыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Набіла сабе хату сваёй бабулі з Палесься». У Варшаве праходзіць выстава беларускіх тату
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Была ўпэўненая, што вярнуся вясной агарод садзіць». Беларуска ў 70 гадоў уцякла ад рэпрэсій у Польшчу і завяла там канал на YouTube