Летась польскае грамадзянства атрымалі каля 3 тысяч беларусаў, і гэта амаль траціна ад усіх іншаземцаў

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя беларусаў у Варшаве, сакавік 2021 году

Летась польскае грамадзянства атрымалі 2985 беларусаў, паведамляе выданьне Rzeczpospolita. Гэта амаль траціна ўсіх іншаземцаў, якія сталі грамадзянамі Польшчы за 2022 год.

У 2022 годзе польскае грамадзянства, правам даваць якое валодае прэзыдэнт краіны, атрымалі каля 10 тысяч іншаземцаў, у тым ліку 5200 грамадзян Украіны, 2985 грамадзян Беларусі і 405 грамадзян Расеі. Гэта рэкордная лічба: годам раней польскае грамадзянства атрымалі 7,5 тысячы чалавек, у 2020 годзе — 7 тысяч, у 2019 годзе — 6,6 тысячы, у 2018 годзе — 5,1 тысячы чалавек.

Апошнім часам Польшча зьмякчыла правілы наданьня грамадзянства іншаземцам — для атрыманьня польскага грамадзянства ня трэба здаваць іспыты па гісторыі ці веданьні палітычнай сыстэмы краіны, як, напрыклад, у Нямеччыне ці Вялікай Брытаніі, абавязковае толькі веданьне польскай мовы на ўзроўні В1.

Тэндэнцыя ўзмацняецца адкрыцьцём рынку працы для работнікаў з Усходу, у асноўным беларусаў і ўкраінцаў, а таксама павелічэньнем колькасьці тых, хто атрымлівае «карту паляка» ў апошнія гады. Уладальнікі «карты паляка» могуць атрымаць грамадзянства ўжо праз год знаходжаньня ў Польшчы, адзначае выданьне.

«Цяпер актуальным зьяўляецца пытаньне прысутнасьці ў Польшчы ўкраінцаў ці беларусаў у якасьці нацыянальных меншасьцяў. Гэта ўжо абмяркоўваецца ў камісіях, якія займаюцца меншасьцямі. Урад павінен тэрмінова разгледзець гэтае пытаньне», — кажа дэпутат Рышард Гальля. І дадае, што Закон аб нацыянальных і этнічных меншасьцях і аб рэгіянальнай мове дае нацыянальным меншасьцям права вывучаць сваю мову, гісторыю і культуру (а дзяржава павінна гэта фінансаваць).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2022 годзе больш за 171,5 тысяч беларусаў атрымалі доступ да польскага рынку працы, — дасьледаваньне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць — ва ўзросьце ад 20 да 39 гадоў. У Польшчы расказалі, колькі беларусаў цяпер стала пражываюць у краіне