Падчас затрыманьня фігурантаў «справы цюкоў» сілавікі малявалі ім крыжы на вопратцы і на галаве. ФОТА

Крыжы на вопратцы Аляксандра Бабко

Аляксандра Бабко ў «справе цюкоў» асудзілі на 1 год калёніі. На волю ён выйшаў 11 месяцаў таму.

Былы палітзьняволены Аляксандар Бабко расказаў «Вясьне», што падчас затрыманьня яму і іншых фігурантам справы сілавікі намалявалі крыжы на вопратцы і на целе.

«Малявалі [крыжы] і на патыліцы, і на руках былі плямы. Калі нас затрымалі — я гэта часта ўспамінаю, — вельмі моцна зацягнулі наручнікі, паклалі тварам у зямлю і націснулі на твар нагою — гэта было на дарозе, калі я падняўся з поля выходзіць, — расказаў праваабаронцам Аляксандар Бабко. — Потым адвялі ў поле, паклалі ўсіх на зямлю, паставілі тварам у цюк зь сенам, а калі я на камэру на пытаньне: «Што вы тут робіце?» адказаў: «Гуляю, паветрам дыхаю», дык двое мяне адвялі ў бок, адзін не чапаў, а другі ў нагу, у калена, якое было пасьля апэрацыі, у грудзі, у твар, у дыхалку біў і казаў: «Ты паедзеш са мною да Менску, і я пакажу табе, як гуляць і дыхаць».

Прысуды ў рэзананснай «справе размаляваных цюкоў з саломай» суд Стаўпецкага раёну вынес 31 студзеня 2022 году.

Размаляваныя цюкі пад Дзяржынскам

Судзьдзя Вікторыя Суднік прызнала ўсіх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства групай асобаў) і прызначыла год калёніі агульнага рэжыму Андрэю Арыку, Максіму Дубешку, Аляксандру Бабко, Вользе Дубовік, Алене Дзядзюлі, Ігару Мысьліўцу. Кацярыне Арыцы далі 1,5 года «хатняй хіміі» і вызвалілі ў залі суду, паведамляла «Вясна».

Пракурор Яраслаў Ларычаў прасіў суд пазбавіць волі ўсіх фігурантаў справы.

На судзе стала вядома, што на поле 1 верасьня сілавікі прыехалі з аўтаматамі, а пасьля на затрыманых малявалі свастыку, некаторых білі. Таксама, па словах абвінавачаных, акцыю, па сутнасьці, арганізаваў «невядомы хлопец», які прапаноўваў абвінавачаным у Telegram размаляваць цюкі пад Дзяржынскам. Сярод затрыманых яго ўжо не было. Асуджаныя думаюць, што гэта мог быць правакатар зь міліцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шасьці палітвязьням у «справе цюкоў» прысудзілі калёнію. На затрыманых людзях сілавікі малявалі свастыку