Канстытуцыйны суд адмовіўся разглядаць зварот наконт закону аб палітычных партыях

Канстытуцыйны суд. Ілюстрацыйнае фота

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) месяц таму зьвярнулася ў Канстытуцыйны суд з нагоды новага закону аб палітычных партыях, паведамляла «Народная воля».

Закон «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў» перад падпісаньнем не абмяркоўваўся ў Канстытуцыйным судзе і ніякіх заключэньняў аб ім Канстытуцыйны суд не рабіў, адзначае газэта «Народная воля».

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) ў сваім звароце падкрэсьліла, што ў зьменах і дапаўненьнях у закон зьмяшчаецца больш шырокі круг абмежаваньняў, што зьяўляецца неправамерным.

«Гэтае палажэньне робіць больш жорсткімі ўмовы стварэньня палітычных партый і пры абавязковай перарэгістрацыі прывядзе шмат якія партыі да ліквідацыі», — адзначалі аўтары звароту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў закон, які абавязвае партыі адкрываць свае аддзяленьні ў кожным трэцім раёне

Што адказалі ў Канстытуцыйным судзе

«Народная воля» публікуе афіцыйны адказ начальніка сакратарыяту Канстытуцыйнага суду Селядзеўскага.

«Разгляд Канстытуцыйным судом пытаньня аб адпаведнасьці закону Рэспублікі Беларусь ад 14 лютага 2023 году № 251-3 „Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў“ (яго асобных палажэньняў) Канстытуцыі магчымы толькі ў выпадку ўнясеньня ў Канстытуцыйны суд адпаведнай прапановы адным з упаўнаважаных суб’ектаў», — напісаў Селядзеўскі.

Да такіх суб'ектаў адносяцца прэзыдэнт, палаты Нацыянальнага сходу, Вярхоўны суд, урад. Такім чынам, зварот партыі быў фактычна праігнараваны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар юстыцыі Беларусі анансаваў перарэгістрацыю палітычных партый

Новым законам прадугледжана павелічэньне мінімальнага парога колькасьці для стварэньня палітычнай партыі, неабходнасьць стварэньня арганізацыйных структур палітычных партый у кожнай вобласьці і ў Менску.

Пасьля падпісаньня закона Аляксандар Лукашэнка даручыў правесьці перарэгістрацыю партый.

Што ў законе новага

Закон прадугледжвае:

  • павелічэньне мінімальнага парога колькасьці для стварэньня палітычнай партыі да 5000 чалавек;
  • неабходнасьць стварэньня арганізацыйных структур палітычных партый у кожнай вобласьці і горадзе Менску, а таксама ня менш як у 1/3 раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкаваньня ва ўсіх абласьцях краіны і ня менш як у 1/3 раёнаў Менску;
  • выключэньне забароны фінансаваньня за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовага бюджэту;
  • павышэньне патрабаваньняў да заснавальнікаў палітычнай партыі, якімі змогуць быць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне і дасягнулі 18-гадовага ўзросту;
  • выбары кіроўнага органа палітычнай партыі не радзей за адзін раз на пяць гадоў;
  • абмежаваньне памеру грашовых сродкаў і іншай маёмасьці ад адной арганізацыі або грамадзяніна да 1000 базавых велічынь на год;
  • магчымасьць ліквідацыі палітычнай партыі ў выпадку прапаганды вайны, тэрарыстычнай, экстрэмісцкай, іншай забароненай заканадаўствам дзейнасьці, дзейнасьці, якая наносіць шкоду дзяржаўным і (або) грамадзкім інтарэсам, а таксама атрыманьня грашовых сродкаў і іншай маёмасьці з замежных крыніц;
  • вызначэньне ўнівэрсальных асноўных мэт і задач, якія павінны быць замацаваны ў статутах, разам зь іншымі мэтамі і задачамі, спэцыфічнымі для кожнай палітычнай партыі (забесьпячэньне непахіснасьці канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды, удзел у кіраваньні дзяржавай праз сваіх прадстаўнікоў, садзейнічаньне рэалізацыі і абароне правоў, свабод і інтарэсаў грамадзян і інш.);
  • неабходнасьць перарэгістрацыі палітычных партый цягам 6 месяцаў.

Сярод прапанаваных навацый у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях»:

  • вызначэньне абавязку для рэспубліканскіх грамадзкіх аб’яднаньняў мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласьцях краіны і Менску;
  • магчымасьць падачы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў у электронным выглядзе;
  • спрашчэньне патрабаваньняў да юрыдычнага адрасу грамадзкага аб’яднаньня.

Ціск на палітычныя партыі

Ціск на палітычныя партыі і «зачыстка» палітычнага поля ад партый, ня згодных з палітыкай Лукашэнкі, адбываецца з 2020 году. Некаторыя іх дзеячы ў турмах. Лідэры дзьвюх зарэгістраваных партыяў (АГП і БНФ) Мікалай Казлоў і Рыгор Кастусёў, а таксама лідэр аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД) Павал Севярынец асуджаныя паводле «палітычных» артыкулаў.

У жніўні 2022-га кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка казаў, што ў Беларусі цяпер функцыянуюць 15 палітычных партый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыйных партыяў у Беларусі больш ня будзе. Думка Юрыя Дракахруста