Паводле папярэдніх зьвестак праведзенага ў Польшчы ў 2021 годзе перапісу насельніцтва, усяго няпольскую нацыянальна-этнічную ідэнтыфікацыю пазначылі 1 мільён 339,6 тысячы чалавек пры агульнай колькасьці насельніцтва 38 мільёнаў 36 тысячаў.
Сярод найбольш шматлікіх груп (акрамя сілескай і кашубскай) — украінская (79,4 тыс.) і беларуская (54,3 тыс.). Беларускую нацыянальнасьць як першую пазначылі 41,9 тысячы жыхароў Польшчы, як другую — 12,4 тысячы.
Беларускую мову ў хатніх зносінах выкарыстоўваюць 16,9 тысячы чалавек, зь іх 1,6 тысячы — як адзіную мову.
Падчас папярэдняга перапісу насельніцтва ў 2011 годзе пазначылі сваю нацыянальнасьць як беларускую 47 тысячаў чалавек, якія тады жылі ў Польшчы.
Пасьля пратэстаў 2020 году беларусы, якіх перасьледуюць з палітычных матываў, пачалі пераяжджаць у суседнія эўрапейскія краіны. З 10 жніўня 2020 году да 31 сьнежня 2022 году Польшча выдала беларусам 509 701 візу. З пачатку 2022 году заявы на легалізацыю побыту ў Польшчы падалі 80 тысячаў грамадзян Беларусі.
Паводле дадзеных дасьледаваньня інстытуту «Палітычная сфэра», у 2022 годзе ў Польшчы стала пражывалі амаль 80 тысячаў беларускіх грамадзянаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларусы па выніках 2022 году трапілі ў топ-3 пакупнікоў жыльля ў Польшчы