Да жыхароў Віцебску, асуджаных раней па «палітычных» артыкулах, будзе штомесяц заходзіць міліцыя

Ілюстрацыйнае фота

Пра тое, што такую інфармацыю агучыў міліцыянт, які прыходзіў да яе дадому 10 красавіка, паведаміла ў фэйсбуку жыхарка Віцебску Тамара Ільіна.

У студзені 2021 году Тамару Ільіну затрымалі ў прыгарадным Шпілёўскім лесе разам зь яшчэ шасьцю жанчынамі і абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаваньні.

Жанчын трымалі пад вартай у пастарунку 8 гадзін бязь ежы і магчымасьці прыняць лекі, нягледзячы на тое, што палова затрыманых віцяблянак была ўжо ў пэнсійным веку, піша «Віцебская вясна».

Пасьля таго выпадку пэнсіянэрка трапіла ў нейкі «сьпіс», паводле якога міліцыянты ладзяць свае рэйды.

«Супрацоўнік міліцыі сказаў, што тэрмін даўніны правапарушэньня прайшоў, але я ў іх на ўліку. На пытаньне, на якой падставе, адказаў „па законе“. Па якім, так і не агучыў», — напісала Тамара Ільіна.

Пра візыты міліцыянтаў распавядаюць і іншыя жыхары Віцебску. Некаторым зь іх уручылі позвы на прафіляктычную гутарку ў пракуратуру. Некаторых распытвалі, чым яны займаюцца, дзе працуюць, за якія сродкі жывуць, хто пражывае ў кватэры разам зь імі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У цябе ж бэчэбэшны артыкул!». Беларусаў, якія «засьвяціліся» на пратэстах-2020, не бяруць на працу

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хворую жанчыну, якая даглядае чалавека з інваліднасьцю, затрымалі за «лайк» пад «экстрэмісцкім» рэсурсам