Лекары мілянскай клінікі пацьвердзілі леўкемію ў Сыльвіё Бэрлюсконі

Сыльвіё Бэрлюсконі і Ўладзімір Пуцін, 2015 год

Былы прэм’ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі, якому цяпер 86 гадоў, ужо некаторы час хворы на хранічны міелёідны леўкоз — гэта форма леўкеміі, раку крыві. Цяпер Бэрлюсконі шпіталізаваны ў рэанімацыю для лячэньня пнэўманіі.

Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай у чацьвер заяве лекараў мілянскай клінікі «Сан-Рафаэле».

Як адзначае агенцтва DPA, першапачаткова, калі ў сераду палітыка даставілі ў лякарню, гаварылася аб рэсьпіраторных і сардэчна-судзінных праблемах.

Пра дыягназ «леўкоз» у экс-прэм’ера першай 6 красавіка паведаміла газэта Corriere della Sera. Па дадзеных выданьня, Бэрлюсконі быў шпіталізаваны з падазрэньнем на пнэўманію, якая магла быць выкліканая аслабленьнем імунітэту з прычыны леўкозу. Агенцтва ANSA паведамляла са спасылкай на крыніцы, што Бэрлюсконі ўжо праходзіць у «Сан-Рафаэле» курс хіміятэрапіі, піша Расейская служба ВВС.

Мэдыямагнат Сыльвіё Бэрлюсконі тройчы займаў пасаду кіраўніка ўраду, пасьля таго як у 1994 годзе прыйшоў у палітыку. Для мільёнаў італьянцаў, нягледзячы на сэрыю зьвязаных зь яго імем сэксуальных скандалаў і судовых разбораў, уключаючы абвінавачаньне ў 2012 годзе ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў, Бэрлюсконі асацыюецца з залатым векам італьянскай эканомікі і вобразам чалавека, які ўсяго дасягнуў сам, адзначае France Presse.
Цяпер партыя Бэрлюсконі «Наперад, Італія» ўваходзіць у кіруючую кааліцыю, а сам экс-прэм’ер зь верасьня мінулага году засядае ў Сэнаце XIX скліканьня.

Год таму Бэрлюсконі, выступаючы перад прыхільнікамі сваёй партыі, сказаў, што «расчараваны» ў расейскім прэзыдэнце Ўладзіміру Пуціну з прычыны ўварваньня ва Ўкраіну. Раней Бэрлюсконі неаднаразова называў Пуціна сваім сябрам. Яны рэгулярна наведвалі адзін аднаго. Аднойчы італьянскі палітык нават назваў Пуціна «апошнім выдатным лідэрам на сучаснай міжнароднай палітычнай арэне».