Тройчы намінантка на Оскар і аўтарка Netflix здымае фільм пра польска-беларускую мяжу

Мігранты на польска-беларускай мяжы. 2021 год

Новы мастацкі фільм Агнешкі Голянд «Зялёная мяжа» раскажа гісторыю ўцекачоў, якія апынуліся ў лесе на польска-беларускай мяжы.

Адна з самых вядомых польскіх рэжысэрак Агнешка Голянд вяртаецца на здымачную пляцоўку пасьля трохгадовага перапынку. Яна ўжо распачала працу над фільмам «Зялёная мяжа», які раскажа гісторыю сырыйскай сям’і, настаўніцы ангельскай мовы з Афганістану і маладога польскага памежніка ў лесе на польска-беларускай мяжы, піша Gazeta Wyborcza.

Сцэнар да «Зялёнай мяжы» Голянд напісала разам са сваёй пляменьніцай, рэжысэркай Габрыэлай Лазаркевіч, і пісьменьнікам Мацеем Пісуком. Апэратар фільма — Томаш Наўмюк, апэратар, які раней працаваў з Голянд над фільмам «Грамадзянін Джоўнс» пра Галадамор ва Ўкраіне і сэрыялам «1983» для плятформы Netflix.

«Зялёная мяжа» атрымала фінансавую падтрымку Чэскага кінафонду, гэта польска-чэска-француска-бэльгійская капрадукцыя.

Тройчы намінаваная на «Оскар» польская рэжысэрка вучылася ў кінашколе FAMU ў Празе ў канцы 1960-х – пачатку 1970-х гадоў. У 2013 годзе яна зьняла міні-сэрыял «Палаючы куст» пра самаспаленьне студэнта Яна Палаха ў знак пратэсту супраць савецкай акупацыі Чэхаславаччыны ў 1969 годзе.