«Гэта ўзгодненая палітыка з Расеяй». Сьлюнькін тлумачыць, чаму Лукашэнка пярэчыць сам сабе

Аляксандар Лукашэнка і Павел Сьлюнькін. Каляж

Чатыры з паловаю гадзіны працягвалася пасланьне Лукашэнкі. Дзяржаўныя СМІ назвалі гэта «пасланьнем народу і парлямэнту». Ці сказаў Лукашэнка нешта важнае, што можа паўплываць на жыцьцё беларусаў і навошта ў сваёй прамове ён пярэчыць сам сабе?

Пра гэта ў эфіры Свабоды Premium расказвае палітычны аналітык Павел Сьлюнькін.

Лукашэнка амаль тыдзень не выказваўся пра заяву Пуціна наконт разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай тактычнай ядзернай. Сёньня ён заявіў, што актывізаваў перамовы з прэзыдэнтам Расеі Пуціным «па вяртаньні ў Беларусь ядзернай зброі» і аддаў распараджэньне аднавіць пляцоўкі, дзе былі разьмешчаныя ядзерныя боегалоўкі.

Сьлюнькін зьвяртае ўвагу на тое, што пашыраны адказ на гэтае пытаньне Лукашэнка даў толькі ў другой палове свайго выступу, адказваючы на пытаньні «з залі».

«Ён у першую чаргу намагаўся факусавацца на пытаньнях, якія не ўспрымаюцца нэгатыўна беларускім грамадзтвам. Нягледзячы на тое, што ён крытыкаваў апытаньне Chatham House пра тое, што 80% беларусаў супраць разьмяшчэньня ядзернай зброі, у яго ёсьць свая аналітыка, якая паказвае скептычнае стаўленьне беларусаў да зброі. Таму ён пачаў з пытаньняў, якія яго аб’ядноўваюць з народам. Гэта пытаньне абароны ад санкцыяў, дрэннай мэдыцыны, адукацыі, абароны ад кепскіх чыноўнікаў. Ён ізноў гуляў у гульню пра добрага прэзыдэнта, які абараняе беларусаў ад усяго дрэннага. Ён спрабуе даваць аўдыторыі тыя тэзісы, якія яна хоча пачуць». — гаворыць Сьлюнькін.

На думку палітычнага аналітыка, Лукашэнка разумее, што пытаньне ядзернай зброі не папулярнае сярод беларусаў. Менавіта таму ён шмат часу ў выступе прысьвяціў абгрунтаваньню такога рашэньня, сьцьвярджаючы, што вакол Беларусі склалася вельмі небясьпечная сытуацыя. Адначасова Лукашэнка пагражаў, што пры патрэбе можа выкарыстаць ядзерную зброю супраць ворагаў.

«Пярэчыць самому сабе — гэта яго стыль. Такім чынам яму ўдаецца казаць тэзісы для адной групы насельніцтва, і тэзісы для супрацьлеглай групы. Кожны тэзіс супярэчыць другому. Таму ён вымушаны і апраўдвацца, і тлумачыць, чаму ён вымушаны гэта рабіць. Разьмяшчэньне ядзернай зброі — гэта эскаляцыйны крок, а ён казаў і пра тое, што нам патрэбны мір, то бок пачынае з дээскаляцыйных прапановаў. Гэта ня толькі яго пасыл для ўнутранай аўдыторыі, але ўзгодненая палітыка з Расеяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў «пасланьні да народу і парлямэнту» заявіў, што аддаў распараджэньне аднавіць пляцоўкі, дзе былі разьмешчаныя ядзерныя боегалоўкі

Упершыню з 25 сакавіка, калі пра падрыхтоўку перакідваньня ядзернай зброі ў Беларусь заявіў прэзыдэнт Расеі Пуцін, Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў сытуацыю.

«Ва ўмовах ваенна-палітычнага становішча, якое складваецца вакол нашай краіны, мною былі актывізаваныя перамовы з прэзыдэнтам Расеі Пуціным па вяртаньні ў Беларусь ядзернай зброі. Менавіта па вяртаньні ядзернай зброі, якую вывелі ў 90-х гадах. Пад гарантыі. Усё растаптана, усё парушана. Я маю права паставіць пытаньне вярнуць ядзерную зброю? Якую тады яшчэ, да мяне, вар’яты падпісалі абавязаньні яе вяртаньня?!

Я ня стаў выводзіць у 1994–1995 гадах ядзерную зброю. І быў падвергнуты жорсткаму ціску з боку ня толькі Захаду, але і з боку прэзыдэнта Расеі».

Пры гэтым варта адзначыць, што зараз гаворка вядзецца зусім не пра тую ядзерную зброю, якая засталася ў беларускіх сховішчах у 90-я гады як спадчына ад СССР і якую вывелі з краіны ў сярэдзіне таго дзесяцігодзьдзя.

Тактычная і стратэгічная ядзерная зброя — розныя паняцьці, розныя віды зброі з рознымі наступствамі прымяненьня.

Уладзімір Пуцін 25 сакавіка заявіў пра тое, што 1 ліпеня ў Беларусі скончаць будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка разумее сувэрэнітэт. Некалькі тэзісаў з нагоды пасланьня. Відэа