У Зэльве зьнік помнік Ларысе Геніюш, нягледзячы на ранейшыя заявы ўладаў

Помнік беларускай паэтцы і вязьню ГУЛАГу Ларысе Геніюш у ў Зэльве. Архіўнае фота

Зэльвенскі райвыканкам у адказе прарасейскай актывістцы напісаў, што зносу не адбудзецца, але 30 сакавіка помнік зьнік.

У Зэльве цішком дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш, які стаяў пры мясцовай царкве. Хто аддаў загад на яго ліквідацыю — царкоўныя ўлады ці прадстаўнікі дзяржаўнай вэртыкалі — пакуль невядома. Пра дэмантаж паведаміў унук славутай паэткі Міхась Геніюш, які даслаў у рэдакцыю Радыё Рацыя сьвежае фота месца, дзе стаяў помнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Зэльве ня будуць дэмантаваць помнік Ларысе Геніюш на запыт прарасейскай актывісткі

29 сакавіка прайшла інфармацыя, што помнік прыбіраць ня будуць, паколькі дэмантаж не адпавядае заканадаўству. Пра гэта гаварылася ў адказе Зэльвенскага райвыканкаму. Аднак затым помнік прапаў.

У Зэльвенскі райвыканкам патэлефанаваў чытач «Нашай нівы». Начальніца аддзелу ідэалягічнай работы райвыканкаму Галіна Раманчук у тэлефоннай гутарцы зь ім сказала, што не валодае інфармацыяй пра тое, дзе знаходзіцца помнік, бо раённая ўлада да помніка ня мае ніякага дачыненьня.

Пры гэтым чыноўніца настойліва рэкамэндавала не тэлефанаваць у царкву, каб дамовіцца пра выкуп помніка.

«Ня варта вам туды званіць, бо гэтае пытаньне вы дакладна ня вырашыце. Нават не абцяжарвайце сябе. Помнік знаходзіцца ва ўласьніка, і ён не плянуе рабіць захады па яго продажы. Я думаю, калі ён ва ўласьніка, то ён патрэбны ўласьніку», — даводзіла чыноўніца.

Але на пытаньне пра асобу ўласьніка чыноўніца не адказала нічога пэўнага.

Датэлефанавацца да настаяцеля Сьвята-Траецкай царквы не ўдалося.

У Гарадзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы пытаньню пра зьнікненьне помніка зьдзівіліся і перапыталі, ці дакладна яго прыбралі.

Помнік Ларысе Геніюш пры зэльвенскай царкве паставілі з дабраславеньня мітрапаліта Філарэта ў 2003 годзе. Манумэнт афіцыйна належыць Беларускай праваслаўнай царкве.

Помнік Геніюш патрабавала зьнесьці прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава, але ёй у афіцыйным адказе адмовілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Коўне адкрылі абноўлены помнік на магіле аўтара бел-чырвона-белага сьцяга Кляўдуша Дуж-Душэўскага

Гэта ўжо ня першы прыклад антыбеларускай дзейнасьці Вольгі Бондаравай. Летась у лістападзе яна паведаміла, што дзякуючы супрацоўніцтву з уладамі з мэмарыяльнай зоны перад будынкам прыватнага музэю Анатоля Белага ў Старых Дарогах былі выдаленыя партрэты паэткі Натальлі Арсеньневай, Ларысы Геніюш, братоў Луцкевічаў, Кастуся Каліноўскага, дзеячоў БНР і БЦР.

Летам 2022 году яна дамаглася, што Горадзенскі аблвыканкам адмяніў рашэньне аб наданьні Астравецкай бібліятэцы імя слыннага беларускага навукоўца Адама Мальдзіса.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапагандыстка Бондарава накінулася на музэй Белага ў Старых Дарогах: зьніклі бюсты і барэльефы Арсеньневай, Геніюш, Каліноўскага
  • Ларыса Геніюш (1910 — 1983) — беларуская паэтка, дзяячка беларускага адраджэньня. Захавальніца архіваў БНР. Разам з мужам была пазбаўленая чэскага грамадзянства і выдадзеная ў СССР, грамадзянства якога, нягледзячы на катаваньні і лягеры, так і не ўзяла.
  • Помнік Ларысе Геніюш пры зэльвенскай царкве паставілі з дабраславеньня мітрапаліта Філарэта ў 2003 годзе. Манумэнт фактычна належаў Беларускай праваслаўнай царкве.
  • Помнік Геніюш патрабавала зьнесьці прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава, але ёй у афіцыйным адказе адмовілі.
  • Зэльвенскі райвыканкам у афіцыйным адказе напісаў, што помнік прыбіраць ня будуць, бо дэмантаж не адпавядае заканадаўству. Аднак 30 сакавіка помнік прапаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Унук Ларысы Геніюш пра зьнікненьне помніка ў Зэльве: «Стаяў 20 гадоў, нікому не перашкаджаў»