У Вільні прэзэнтавалі дзьве кнігі пра нобэлеўскага ляўрэата і палітвязьня Алеся Бяляцкага. ФОТА

На прэзэтанцыі кніг «Алесь Бяляцкі» і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе»: Тацяна Нядбай, Натальля Пінчук, Валер Каліноўскі. Вільня, 28 сакавіка 2023

Кнігі «Алесь Бяляцкі» і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» 28 сакавіка прэзэнтавалі ў Вільні рамках Тыдняў салідарнасьці з нобэлеўскім ляўрэатам у Польшчы і Літве.

На імпрэзе ў Беларускім доме выступілі жонка Бяляцкага Натальля Пінчук, а таксама старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай і ўкладальнік кнігі «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» Сяргей Навумчык.

Вёў імпрэзу карэспандэнт Свабоды Валер Каліноўскі, аўтар кнігі 2012 году «Справа Бяляцкага» зь «Бібліятэкі Свабоды».

Натальля Пінчук сказала на вечарыне:

«Мы бачым, што імя Алеся нас аб’яднала ўсіх, сабрала ў гэтых сьценах. І вельмі важна зараз гаварыць ня толькі пра Алеся, а гаварыць пра ўсіх тых, хто знаходзіцца за кратамі ў Беларусі.

Нам важна кожны раз падымаць голас — наш беларускі голас, каб нас чулі тут за мяжой. Каб міжнародная супольнасьць выказвала сваю салідарнасьць беларускаму народу, каб міжнародная супольнасьць рабіла ўсе магчымыя захады, каб ціснуць на ўлады Беларусі, каб гэты наш голас беларусаў быў пачуты.

Я думаю, уласнымі сіламі, якія ў нас ёсьць, якія дадуць і прадставяць нашыя суседзі, то гэтымі супольнымі сіламі і намаганьнямі мы можам зьмяніць сытуацыю. Можа быць, зараз гэта гучыць аптымістычна, але мы ўсё ж маем надзею, што ў нас усё атрымаецца».

Тацяна Нядбай падзякавала ўсім, хто спрычыніўся да выданьня кнігі «Алесь Бяляцкі», і расказала пра хуткую рэалізацыю гэтага праекту: ад абвяшчэньня ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру 7 кастрычніка да цырымоніі ўручэньня прэміі ў Осла 10 сьнежня 2022 году, на якой была Натальля Пінчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных спраў Літвы сустрэўся з Натальляй Пінчук, жонкай Алеся Бяляцкага. ФОТА

Кніга, выдадзеная Беларускім ПЭНам, паказвае зараджэньне і станаўленьне грамадзянскага актывізму ў Беларусі праз асобу аднаго з самых яркіх яго прадстаўнікоў, Алеся Бяляцкага, публікуе ягоныя ўспаміны і эсэ, а таксама выказваньні паплечнікаў Алеся.

На прэзэтанцыі кніг «Алесь Бяляцкі» і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе»: Тацяна Нядбай, Натальля Пінчук, Валер Каліноўскі. Вільня, 28 сакавіка 2023

Да даты ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру выйшла і кніга з сэрыі Бібліятэка Свабоды «Алесь Бяляцкі на Свабодзе».

Яе ўкладальнік Сяргей Навумчык сказаў у відэазвароце да ўдзельнікаў вечарыны:

«Калі я ўкладаў гэтую кнігу, я зразумеў, што біяграфія Алеся Бяляцкага і як палітыка і як праваабаронцы — гэта, па сутнасьці, і летапіс нацыянальнага дэмакратычнага руху апошняга часу, які складаецца і зь перамог, як было ў 1991 годзе, калі абвясьцілі незалежнасьць Беларусі, але таксама і сумных падзей. Але Бяляцкі зьдзіўляў сваім аптымізмам. Ён як гісторык літаратуры, які вывучаў падзеі і стогадовай даўніны, бачыў, што тыя папярэднікі, якія дзейнічалі ў вельмі неспрыяльных умовах (ім было нашмат цяжэй), шмат зрабілі, і ўрэшце Беларусь стала незалежнай».

На імпрэзе прачыталі некалькі ўрыўкаў з кніг пра Алеся Бяляцкага, ягоныя паплечнікі Сяргей Дубавец і Вінцук Вячорка ацанілі ролю Бяляцкага ў найноўшай гісторыі Беларусі і пэрспэктывы дэмакратычных перамен у будучыні.

Прэзэнтацыя кнігі пра Алеся Бяляцкага ў Вільні. Удзельнікі вечарыны Андрэй Хадановіч і Сяргей Харэўскі

Былая палітзьняволеная Валерыя Чарнаморцава расказала, як сустрэла Алеся Бяляцкага ў сьценах СІЗА-1 у Менску на вуліцы Валадарскага і як да Алеся ставіліся іншыя зьняволеныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Польшчы сустрэўся з жонкай Бяляцкага і паабяцаў падтрымку беларусам

З 20 па 31 сакавіка ў Варшаве і Вільні праходзяць «Тыдні салідарнасьці» з ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім і зь іншымі беларускімі палітвязьнямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаўскім унівэрсытэце прайшла канфэрэнцыя салідарнасьці з Алесем Бяляцкім. ФОТА

У рамках праграмы міжнароднай кампаніі падтрымкі Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца за кратамі, праходзяць вечарыны ва ўнівэрсытэтах Варшавы і Вільні, сустрэчы жонкі Алеся Натальлі Пінчук з уладамі Польшчы і Літвы, праваабарончымі арганізацыямі, беларускімі дыяспарамі.

Наступная сустрэча Натальлі Пінчук заплянаваная ў Вільні 30 сакавіка а 18.00 ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы Дуда сустрэўся з жонкай Бяляцкага, абяцаў працягваць падтрымку беларусаў