Урад Ізраілю на фоне масавых пратэстаў адклаў разгляд спрэчнага законапраекту аб судовай сыстэме

Пратэст у Тэль-Авіве, 26 сакавіка 2023, удзельнікі перакрылі дарогу

Прэм’ер-міністар Біньямін Нэтаньягу ў панядзелак адклаў прыняцьцё рашэньня аб плянах судовай рэформы да наступнага месяца на фоне перасьцярог, што найгоршы за апошнія гады нацыянальны крызіс у Ізраілі можа разбурыць урадавую кааліцыю або перарасьці ў гвалтоўныя сутыкненьні.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Правы партнэр партыі Нэтаньягу па кааліцыі, міністар бясьпекі Ітамар Бэн-Гвір, пагадзіўся на адтэрміноўку ў абмен на абавязаньне прадставіць закон на наступнай сэсіі парлямэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Грузіі паведаміла пра вызваленьне ўсіх затрыманых на пратэстах 7-8 сакавіка

Праціўнікі пляну, які прадугледжвае ўзмацненьне кантролю парлямэнту над судовай сыстэмай, кажуць, што гэта пагроза дэмакратыі, і мабілізавалі супраць яго масавыя пратэсты.

Сёньня рэйсы з галоўнага міжнароднага аэрапорту краіны былі спыненыя, а марскія парты, банкі, шпіталі і мэдычныя службы таксама спынілі працу, бо кіраўнік нацыянальнага прафсаюзу Гістадрут заклікаў да ўсеагульнага страйку, каб спыніць рэформу судовай сыстэмы.

Паведамляецца, што ў страйку ўзяла ўдзел і амбасада Ізраілю ў Беларусі, сёньня яна не працавала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль ухваліў экспартныя ліцэнзіі на продаж Украіне сыстэм для барацьбы з дронамі