Беларуская дзяржаўная кампанія дапамагала ўкраінскай карпарацыі ў абыход заходніх санкцый гандляваць з ВПК Ірану

Уласьніка карпарацыі «Мотор Січ» Вячаслава Багуслаева ў кастрычніку 2022 году арыштавалі паводле падазрэньня ў калябарацыйнай дзейнасьці і спрыяньні дзяржаве-агрэсарцы Расеі

Беларуская кампанія «Белзьнешпрамсэрвіс» знаходзіцца пад санкцыямі ЗША за гандаль з вайскова-прамысловымі комплексамі Сірыі і Ірану.

Украінская карпарацыя «Мотор Січ» празь Беларусь супрацоўнічала з буйнымі вайсковымі прадпрыемствамі Ірану. На адным зь іх вырабляліся дроны, якімі цяпер Расея атакуе ўкраінскія гарады.

У прыватнасьці, гаворка пра тры іранскія кампаніі:

  • Design and Manufacturing of Aeroengines (скарочана DAMA, іншая яе ж назва — Turbine Engine Manufacturing Industries, скарочана TEM);
  • Iran Aircraft Industries (IACI);
  • Iran Aircraft Manufacturing Industrial Company (HESA).

Пратакол трохбаковай сустрэчы ў Менску

Нядаўна Ўкраіна ўключыла ў санкцыйны сьпіс кампанію Design and Manufacturing of Aeroengines, якая ўдзельнічала ў дасьледаваньнях, распрацоўцы і вытворчасьці бесьпілётнікаў Shahed-171.

Як адзначаецца ў расьсьледаваньні праекту Радыё Свабода «Схемы», у чэрвені 2021 году кіраўнік іранскай DAMA Хусэйн Насір сустрэўся з генэральным дырэктарам беларускай дзяржаўнай кампаніі «Белзьнешпрамсэрвіс» Аляксандрам Кучынскім і кіраўніком дэпартамэнту зьнешнеэканамічнай дзейнасьці ўкраінскай карпарацыі «Мотор Січ» Алегам Дзюбам.

Беларуская кампанія выступала ў ролі пасярэдніка-прадаўца. Яна мелася атрымаць рухавікі ад вытворцы — «Мотор Січ», а потым прадаць іх іранцам.

Такім чынам, была створаная схема абыходу заходніх санкцый супраць Ірану.

Ліст Аляксандра Кучынскага

Украінскія журналісты апублікавалі ліст Аляксандра Кучынскага на імя Хусэйна Насіра, зь якога можна зрабіць выснову, што такая супраца адбывалася з 2012 году. Апроч таго, у лісьце наўпрост адзначаецца, што прамая супраца зь Іранам становіць пагрозу для ўкраінскай карпарацыі, таму мэтазгодна далучыць беларускую дзяржаўную кампанію «Белзьнешпрамсэрвіс» як пасярэдніка.

Беларуская кампанія «Белзьнешпрамсэрвіс» знаходзіцца пад санкцыямі ЗША за гандаль з вайскова-прамысловымі комплексамі Сырыі і Ірану.

Улады Ўкраіны нацыяналізавалі карпарацыю «Мотор Січ», а яе ўласьніка Вячаслава Багуслаева арыштавалі паводле падазрэньня ў калябарацыйнай дзейнасьці і спрыяньні дзяржаве-агрэсарцы Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне затрымалі былога акцыянэра Аршанскага авіярамонтнага заводу, кіраўніка кампаніі «Мотор Січ»

Да кастрычніка 2018 году ўкраінская кампанія «Мотор Січ» валодала 60% акцыяў беларускага ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод». У тым жа годзе беларускія ўлады нацыяналізавалі авіярамонтны завод з прычыны «невыкананьня інвэстыцыйнай дамовы».

У лютым 2019 году стала вядома, што ўкраінскае абароннае прадпрыемства выкарыстоўвала Аршанскі авіярамонтны завод для незаконных паставак прадукцыі ў Расею — для грузапасажырскіх і вайсковых самалётаў. У гэты час ва Ўкраіне былі ўведзеныя санкцыі на супрацу расейскіх і ўкраінскіх прадпрыемстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне знайшлі схему адмываньня грошай праз Аршанскі авіярамонтны завод