Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацый працягнула адхіленьне спартоўцаў зь Беларусі і Расеі

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларуская лёгкаатлетка Марына Арзамасава пасьля перамогі ў фінальным забегу на 800 мэтраў сярод жанчын на чэмпіянаце Эўропы па лёгкай атлетыцы ў Цюрыху, 16 жніўня 2014 году

Спартоўцы, афіцыйныя асобы і дапаможныя супрацоўнікі з Расеі і Беларусі застаюцца адхіленымі ад удзелу ў агляднай будучыні «ў сувязі з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну» і падтрымкай Расеі з боку рэжыму Лукашэнкі.

Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе, апублікаваным 23 сакавіка на сайце Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацый.

Рашэньне Рады асацыяцыі аб працягу адхіленьня беларускіх і расейскіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў агучыў яе кіраўнік Сэбастыян Коў:

«Санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Расеі і Беларусі ва ўсім сьвеце, відаць, зьяўляюцца адзіным мірным спосабам парушыць і разбурыць цяперашнія намеры Расеі і аднавіць мір. Сьмерць і разбурэньні, якія мы бачылі ва Ўкраіне за апошні год, у тым ліку сьмерць больш як 185 спартоўцаў, толькі ўмацавалі маю рашучасьць у гэтым пытаньні», — заявіў Сэбастыян Коў.

На пасяджэньні выканкаму Міжнароднага алімпійскага камітэту 28−30 сакавіка будуць абмяркоўваць пытаньне аб допуску беларускіх і расейскіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў пад нэўтральным сьцягам. Але рашэньне рады IAAF азначае, што да спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы ў Парыжы іх не дапусьцяць, адзначае ВВС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапэйская лёгкаатлетычная асацыяцыя працягнула адхіленьне ад спаборніцтваў спартоўцаў з Расеі і Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная фэдэрацыя хакею працягнула адхіленьне зборных Беларусі і Расеі на сэзон 2023/24
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне скасавалі этап Кубка сьвету ў фэхтаваньні, бо да спаборніцтваў дапусьцілі спартоўцаў зь Беларусі і Расеі