У Міжнародным крымінальным судзе заявілі, што Расея перашкаджае прыцягненьню Пуціна да адказнасьці

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе

У заяве падкрэсьліваецца, што МКС увасабляе калектыўны абавязак «змагацца зь беспакаранасьцю за найцяжэйшыя міжнародныя злачынствы».

Прэзыдыюм Асамблеі дзяржаў – удзельніц Рымскага статуту назваў пагрозы Расеі ў адрас судзьдзяў, якія выдалі ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна, перашкодай у міжнародных намаганьнях прыцягнуць да адказнасьці за злачынствы, забароненыя агульным міжнародным правам.

«Мы пацьвярджаем свой поўны давер Суду як незалежнай і бесстароньняй судовай установе і зноў заяўляем аб нашай цьвёрдай прыхільнасьці адстойваць і абараняць прынцыпы і каштоўнасьці, замацаваныя ў Рымскім статуце, і захоўваць яго цэласнасьць», — адзначаецца ў заяве, абнародаванай на афіцыйным сайце Міжнароднага крымінальнага суду.

У заяве таксама падкрэсьліваецца, што МКС увасабляе калектыўны абавязак «змагацца зь беспакаранасьцю за найцяжэйшыя міжнародныя злачынствы».

«Як інстытут апошняй інстанцыі МКС дапаўняе нацыянальныя юрысдыкцыі. Мы заклікаем усе дзяржавы паважаць незалежнасьць судоў і пракуратуры», — адзначаецца ў заяве Міжнароднага крымінальнага суду.

Асамблея дзяржаў – удзельніц Рымскага статуту зьяўляецца кіроўным наглядным і заканадаўчым органам Міжнароднага крымінальнага суду. У склад яе прэзыдыюму цяпер уваходзяць прадстаўнікі Аргентыны, Чэхіі і Канады.

17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША: краіны-ўдзельніцы Міжнароднага крымінальнага суду мусяць паважаць ордэр на арышт Пуціна

20 сакавіка стала вядома, што Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу супраць пракурора Міжнароднага крымінальнага суду Карыма Хана, а таксама супраць судзьдзяў Тамока Аканэ, Разарыё Сальваторэ Айталі і Сэрхіё Херарда Угальдэ Гадынэса. Раней яны выдалі ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт Расеі завёў сваю справу на судзьдзяў Міжнароднага крымінальнага суду ў адказ на іх ордэр на арышт Пуціна
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына паабяцала арыштаваць Пуціна ў выпадку яго візыту ў краіну