МВФ заявіў, што дасягнуў пагадненьня на працоўным узроўні з Украінай аб чатырохгадовым пакеце фінансаваньня на суму каля 15,6 млрд даляраў, прапаноўваючы краіне сродкі, неабходныя ёй па меры таго, як украінцы працягваюць змагацца з расейскім уварваньнем.
Пагадненьне, якое яшчэ павінна быць ратыфікавана Радай дырэктараў МВФ, стала вынікам шматмесячных перамоваў паміж фондам і ўкраінскімі ўладамі. МВФ заявіў, што яго выканаўчая рада, як чакаецца, абмяркуе зацьвярджэньне пакета ў найбліжэйшыя тыдні.
Супрацоўнікі МВФ паінфармавалі чальцоў Рады дырэктараў аб пагадненьні, якое стане найбуйнейшым крэдытным пакетам для Ўкраіны з пачатку расійскага ўварваньня, атрымаўшы згоду на пачатак працэсу фінансаваньня, паведаміла агенцтву «Reuters» дасьведчаная крыніца.
У фондзе, не паведамляючы падрабязнасьцяў, заяўляюць, што пагадненьне, як чакаецца, дапаможа разгарнуць буйнамаштабнае фінансаваньне Ўкраіны ад міжнародных донараў і партнэраў. Звычайна крэдыты МВФ адчыняюць доступ да падтрымкі Сусьветнага банку і іншых крэдытораў.
«У наступныя кварталы чакаецца паступовае аднаўленьне эканомікі па меры аднаўленьня актыўнасьці пасьля нанясеньня сур’ёзнай шкоды крытычна важнай інфраструктуры, хоць пагрозы захоўваюцца, уключаючы рызыку далейшай эскаляцыі канфлікту», — гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка МВФ Гэвіна Грэя.
У цяперашні час у МВФ чакаюць, што зьмяненьне рэальнага валавога ўнутранага прадукту Ўкраіны ў 2023 годзе складзе ад −3% да +1%, дадаў Грэй.
Прэмʼер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль вітаў пагадненьне і падзякаваў МВФ за падтрымку.
«Ва ўмовах рэкорднага дэфіцыту бюджэту гэтая праграма дапаможа нам прафінансаваць усе крытычныя расходы і забясьпечыць макраэканамічную стабільнасьць, а таксама ўмацаваць наша ўзаемадзеяньне з іншымі міжнароднымі партнэрамі», — напісаў Шмыгаль у сваім тэлеграм-канале.
Міністар фінансаў ЗША Джанэт Елен, якая ў мінулым месяцы нанесла нечаканы візыт ва Ўкраіну, вітала ўгоду пасьля таго, як некалькі месяцаў настойвала на тым, каб МВФ прапанаваў новы пакет фінансаваньня для Ўкраіны.
«Амбіцыйная і належным чынам абумоўленая праграма МВФ мае вырашальнае значэньне для падтрымкі намаганьняў Украіны ў рэфармаваньні, у тым ліку для ўмацаваньня належнага кіраваньня і зьніжэння рызык карупцыі, а таксама для наданьня такой неабходнай фінансавай падтрымкі», — гаворыцца ў заяве.
На мінулым тыдні фонд зьмяніў свае правілы, дазволіўшы новыя крэдытныя праграмы для краін, якія сутыкнуліся з «выключна высокай ступеньню нявызначанасьці», без згадваньня Ўкраіны.
У выпадку ўхваленьня, як і чакалася, крэдыт стане найбуйнейшым крэдытам МВФ для краіны, уцягнутай у актыўны канфлікт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дзярждэпартамэнт ЗША: санкцыі дапамагаюць аслабіць расейскую вайсковую моцВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.