Канстантынопальскі патрыярхат падпісаў пагадненьне зь Літвой. Яно тычыцца і беларускіх вернікаў

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце і Канстантынопальскі патрыярх Варфаламей на падпісаньні пагадненьня ў Вільні

Размова падчас візыту ішла аб заснаваньні мясцовай структуры Усясьветнага патрыярхату. Сустрэча скончылася падпісаньнем дакумэнтаў.

Візыт Усясьветнага (Канстантынопальскага) патрыярха Варфаламея ў Вільню скончыўся падпісаньнем пагадненьня зь літоўскімі ўладамі. Пагадненьне прадугледжвае канкрэтныя крокі па інстытуцыялізацыі ў краіне структур Усясьветнага патрыярхату, адкрываючы для іх магчымасьці будаваць і бязвыплатна арэндаваць у дзяржавы храмавыя памяшканьні, ажыцьцяўляць місіянэрскую, адукацыйную і дабрачынную дзейнасьць.

Клірыкі Усясьветнага патрыярхату ў Літве атрымаюць такі ж прававы статус, як і святары іншых традыцыйных канфэсій Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады Ўкраіны пасьля пратэсту УПЦ Маскоўскага патрыярхату каля Офісу прэзыдэнта закрылі доступ да некалькіх аб’ектаў Кіева-Пячорскай лаўры

Дакумэнт з Канстантынопальскім патрыярхатам падпісвала прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце. Яна падкрэсьліла, што рашэньне Ўсясьветнага патрыярхату задаволіць апэляцыю пяці літоўскіх праваслаўных сьвятароў, аднавіць іх рэлігійны статус і прыняць у Царкву-Маці пасьля рашэньня патрыярха Маскоўскага Кірыла выключыць іх з духавенства, — гэта важны крок у забесьпячэньні рэлігійнай свабоды ў Літве.

Таксама яна падкрэсьліла, што рашэньне аб вяртаньні Экумэнічнага патрыярхату ў Літву можа прыняць толькі ён сам. Аднак яна адзначыла, што магчымасьць вызнаваць сваю веру без канфлікту з сумленьнем важная ня толькі для праваслаўных грамадзян Літвы грэцкага і ўкраінскага паходжаньня, але і для ўкраінцаў, якія ўцяклі ад разьвязанай Расеяй вайны, і для беларусаў, якія праз рэпрэсіі на радзіме пераехалі ў Літву.

Падчас паездкі Варфаламей сустрэўся ня толькі з прадстаўнікамі ўлады, але і з адноўленымі ў сане сьвятарамі і вернікамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Я меў 15 хвілін, каб сабраць свае рэчы». Гутарка зь беларускім ксяндзом, які «пракаціў» на капоце вайскоўца падчас пратэстаў

Раней з просьбай аб заснаваньні мясцовай структуры Ўсясьветнага патрыярхату да патрыярха Варфаламея зьвярталіся розныя нацыянальныя грамады Літвы, у тым ліку беларуская і ўкраінская.

У карыстаньне праваслаўных вернікаў Канстантынопальскага патрыярхату ў Вільні перадалі храм у гонар сьвятога Мікалая ў Лукішках. Гэта адзін зь нямногіх культавых будынкаў, што гістарычна належалі Праваслаўнай царкве, але не былі перададзены ва ўласнасьць мясцовай эпархіі РПЦ, напісаў напярэдадні візыту ў сваім тэлеграм-канале айцец Аляксандар Шрамко.

Таксама ён паведаміў, што напярэдадні візыту патрыярха Канстантынопальскага ўпершыню літургія ў саслужэньні сьвятароў Канстантынопальскага патрыярхату ў Вільні прайшла ў будынку названага храма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праваслаўныя беларусы — народ без сваёй царквы