У Херсонскай вобласьці забілі «арганізатара катаваньняў», начальніка сьледчага ізалятара, прызначанага Расеяй

Новая Кахоўка. Ілюстрацыйнае фота.

На падкантрольнай расейскім войскам частцы Херсонскай вобласьці загінуў начальнік абласнога СІЗА Сяргей Маскаленка. Ён супрацоўнічаў з уладамі, прызначанымі Расеяй. Яго машыну ўзарвалі невядомыя.

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Украіны лічыць, што ў СІЗА пад кіраўніцтвам Маскаленкі ўжываліся катаваньні.

Сьледчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу па факце забойства Маскаленкі. Раней, у верасьні мінулага году, Херсонская абласная пракуратура ад імя ўкраінскіх уладаў таксама распачала справу супраць Маскаленкі па падазрэньні ў калябарацыянізьме.

Украінскія СМІ называюць Маскаленку «арганізатарам катаваньняў». Паводле іх інфармацыі, 44-гадовы Маскаленка быў жыхаром Новай Кахоўкі і ўладальнікам мясцовай ахоўнай фірмы. Пасьля прыходу расейскіх войскаў пачаў зь імі супрацоўнічаць і атрымаў пасаду начальніка сьледчага ізалятара. У ім, па дадзеных ГУР, катавалі палонных украінскіх вайскоўцаў і падазраваных у супрацоўніцтве зь імі мірных жыхароў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Херсоне ад ракетнага ўдару загінуў «намесьнік кіраўніка» акупацыйнай адміністрацыі вобласьці, палкоўнік ФСБ

На акупаваных тэрыторыях Украіны часта адбываюцца замахі на чыноўнікаў, якія супрацоўнічаюць з прызначанай Расеяй уладай. 19 сакавіка ў Новакахоўскім гарадзкім аддзеле МУС у выніку выбуху аўтамабіля загінуў камандзір узводу патрульна-паставой службы, які супрацоўнічаў з расейскімі ўладамі.

За тыдзень да гэтага ў Новай Кахоўцы адбыўся замах на намесьніка кіраўніка прарасейскай адміністрацыі Віталя Гуру. Гура памёр ад кулявых раненьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьніка кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі ў Новай Кахоўцы ва Ўкраіне затрымалі па падазрэньні ў бандытызьме