Як стала вядома Свабодзе, бацькі Ігара Лосіка ўжо месяц не атрымліваюць лістоў ад сына. Маці Ігара паведамляла, што многія лісты ад бацькоў ён не атрымаў, ім таксама даходзілі ня ўсе лісты ад сына. Апошні раз адвакат бачыў Ігара ў калёніі ў сярэдзіне лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Спустошаныя жахлівымі навінамі зь беларускай турмы». Рэакцыі Літвы, ЗША, Эстоніі і Нямеччыны на спробу суіцыду Ігара Лосіка за кратамі10 дзён таму адваката да Лосіка не дапусьцілі
10 сакавіка ў наваполацкую калёнію паехаў адвакат Ігара. Як стала вядома Свабодзе, абаронцу ў выніку не дазволілі сустрэцца зь Ігарам Лосікам. Прычынай назвалі тое, што палітвязень не напісаў загадзя заяву на сустрэчу з адвакатам, а ў той момант нібыта знаходзіўся на працы і адрываць ад яе зьняволеных нельга.
Адвакату паведамілі, што Ігар працуе, зь ім усё ў парадку, яму перададуць, каб пісаў лісты бацькам: «Маўляў, Ігар хутка напіша».
Пасьля абвяшчэньня прысуду Дар’і Лосік сужэнцам нібыта дазволілі перапіску. Ігар напісаў Дашы больш за 20 лістоў. Дар’я таксама яму шмат пісала, аднак да Ігара пасьля прысуду Дар’і дайшоў толькі адзін ліст ад жонкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зьняволенага Ігара Лосіка выклікаюць асабіста зьявіцца ў Баранавіцкі судІгар вельмі засмуціўся, што ня зможа сустрэцца з дачкой Паўлінай на спатканьні
У канцы сакавіка бацькі палітвязьня зьбіраюцца на даўгатэрміновае спатканьне зь Ігарам — «палітычным» дазваляюць спатканьне толькі на адны суткі (а ня на двое, як звычайным зьняволеным). Ігар Лосік раней у лістах вельмі прасіў прывезьці на спатканьне 4-гадовую дачку Паўлінку. Аднак празь бюракратычныя перашкоды бацькі Ігара з сабой на спатканьне Паўліну ўзяць ня могуць, бо яны юрыдычна не зьяўляюцца апекунамі дзяўчынкі. Апякунства афіцыйна аформлена на бацькоў Дар’і. Ігар з дакорам напісаў у адным з ранейшых лістоў, што, мабыць, «пабачыць дачку, калі яна школу скончыць».
Бацькі Ігара дапускалі, што ён стамляецца на працы, працуе па 6 дзён на тыдзень на сартаваньні на нейкім сховішчы. Пасьля папярэдняга галадаваньня ў яго пагоршылася здароўе — знайшлі гіпэртанію другой ступені і нават перавялі зь лесапілкі на лягчэйшую працу. Да таго ж у Лосіка бываюць перапады настрою.
Як высьветлілі праваабаронцы «Вясны», Ігар Лосік знаходзіўся ў ШЫЗА наваполацкай калёніі. Там ён доўгі час трымаў галадоўку, а пасьля парэзаў сабе рукі і шыю. Паводле інфармацыі парваабаронцаў, Ігара пасьля гэтага здарэньня выратавалі і цяпер ён знаходзіцца ў мэдсанчастцы.
Бацька Ігара Аляксандар Лосік зараз тэрмінова зьвязваецца з адвакатам, разам яны зьбіраюцца паехаць у наваполацкую калёнію, каб на месцы высьветліць усе абставіны здарэньня. Аляксандар Лосік спадзяецца, што яму дазволяць сустрэцца з сынам у мэдсанчастцы, як дазволілі бацьку Марыі Калесьнікавай некалі сустрэцца ў шпіталі з дачкой.
21 сакавіка спаўняецца роўна 1000 дзён, як Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі. У гэты ж дзень у Вярхоўным судзе ў Менску будуць разглядаць апэляцыю на прысуд Дар’і Лосік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Судовыя выканаўцы зноў цікавяцца маёмасьцю Ігара Лосіка