Праваабаронцы: палітзьняволены журналіст Свабоды Ігар Лосік зрабіў спробу суіцыду ў калёніі
Ігар Лосік. Архіўнае фота
Пра здарэньне паведамляе Правабарончы цэнтар «Вясна». Ігара выратавалі.
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю зь некалькіх крыніц пра тое, што палітзьняволены журналіст Свабоды Ігар Лосік у ШЫЗА наваполацкай калёніі доўгі час трымаў галадоўку, а пасьля парэзаў сабе рукі і шыю. Ігара выратавалі і адправілі ў мэдсанчастку.
Нядаўна стала вядома, што Ігара Лосіка, які быў затрыманы 25 чэрвеня 2020 году і адбывае 15-гадовае пакараньне ў Наваполацкай калёніі № 1, выклікаюць асабіста зьявіцца ў суд Баранавіцкага раёну 3 сакавіка. Судовы выканаўца паведамляе, што будзе разглядацца справа аб спагнаньні доўгу. У выпадку няяўкі пагражаюць зьдзейсьніць прымусовы прывод з дапамогай міліцыі, напісана ў позьве.