У Нямеччыне скасавалі этап Кубка сьвету ў фэхтаваньні, бо да спаборніцтваў дапусьцілі спартоўцаў зь Беларусі і Расеі

Расейскія фэхтавальнікі. Ілюстрацыйнае фота

Кіраўніца нямецкай фэдэрацыі фэхтаваньня Кляўдыя Бокель заявіла, што рашэньне міжнароднай фэдэрацыі робіць правядзеньне турніру немагчымым.

«Абмеркаваньні апошніх некалькіх дзён пасьля рашэньня Кангрэсу FIE зноў зрабіць магчымым удзел Расеі і Беларусі выклікалі экспрэсіўныя дыскусіі як унутры краіны, так і за яе межамі, — цытуе Кляўдыю Бокель тэлеграм-канал „Athletes for Freedom“. — Як і раней, мы салідарныя з народам Украіны, які пакутуе ад агрэсіўнай вайны. Мы хочам даць зразумець, што чакалі іншага рашэньня. Шмат якія пытаньні ўсё яшчэ адкрытыя, што робіць правядзеньне этапу Кубка сьвету немагчымым. Куды больш правільна было б пачакаць з рашэньнем пра допуск».

Этап Кубка сьвету сярод жанчынаў-рапірыстак павінен быў адбыцца 5-6 траўня ў Таўбэрбішафсгайме.

10 сакавіка Міжнародная фэдэрацыя фэхтаваньня дазволіла спартоўцам з Расеі і Беларусі ўдзельнічаць у спаборніцтвах у нэўтральным статусе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапэйская лёгкаатлетычная асацыяцыя працягнула адхіленьне ад спаборніцтваў спартоўцаў з Расеі і Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікалі УЭФА адхіліць зборную Беларусі ад удзелу ў кваліфікацыях да чэмпіянату Эўропы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная фэдэрацыя гімнастыкі працягнула санкцыі супраць спартоўцаў зь Беларусі і Расеі