СМІ Ірану паведамілі пра памілаваньне 22 тысяч удзельнікаў леташніх пратэстаў

Дэманстрацыя ў падтрымку пратэстоўцаў Ірану ў Брусэлі. Архіўнае фота

Пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма.

Дзяржаўнае іранскае інфармацыйнае агенцтва IRNA абвясьціла аб памілаваньні 22 тысяч чалавек, арыштаваных падчас пратэстаў. Сьведчаньняў, што гэтыя людзі сапраўды выйшлі на волю, няма.

Як піша Washington Post, іранскія мэдыя выказалі здагадку, што памілаваньне падпісаў найвышэйшы кіраўнік Ірану Алі Хамэнэі перад сьвятам Наўруз і пачаткам месяца Рамадан, сьвятога для мусульман. Ён пачнецца 22 сакавіка.

Гэта ня першая абʼява аб масавым памілаваньні. 5 лютага агенцтва IRNA паведаміла, што Хамэнэі памілаваў «дзясяткі тысяч» затрыманых на пратэстах. Вызваленьне або зьмякчэньне прысуду не пашырылася на асуджаных за забойства, зьнішчэньне, пашкоджаньне або падпал дзяржаўнай маёмасьці, а таксама шпіянаж і работу на замежныя спэцслужбы. Больш дакладных лічбаў агенцтва не прывяло.

16 верасьня 2022 году ў Іране пачаліся хваляваньні, зьвязаныя з забойствам 22-гадовай Махсы Аміні. Дзяўчыну затрымалі за нібыта няправільнае нашэньне хіджабу; яна загінула ў аддзяленьні паліцыі. На пратэстах гучалі патрабаваньні палітычнай, эканамічнай і рэлігійнай лібэралізацыі, важную ролю ў іх адыгрывалі іранскія фэміністкі. Праваабаронцы сьцьвярджалі, што падчас здушэньня выступаў ня менш за 530 чалавек былі забітыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сустрэўся з прэзыдэнтам Ірана Раісі, той абяцаў падзяліцца досьведам абходу заходніх санкцый
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране ўлады пакаралі сьмерцю яшчэ двух удзельнікаў восеньскіх пратэстаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць афіцыйных асоб Ірану за разгон пратэстаў