«Гэта цывілізаваны прымус». Латушка пра тое, як эфэктыўна ціснуць на Лукашэнку

Павал Латушка

Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі ўхваліў стратэгію «Эканамічны прымус», накіраваную на падрыхтоўку шматбаковых санкцый супраць улады Лукашэнкі, сэктаральных і пэрсанальных абмежаваньняў.

Мэта ціску — вызваленьне палітвязьняў, пакараньне вінаватых у гвалце і новыя дэмакратычныя выбары. Як дэмакратычныя сілы хочуць гэтага дамагацца?

Пра гэта ў эфіры Свабоды Premium разважае прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў пытаньнях транзыту ўлады і кіраўнік «НАУ» Павал Латушка.

Згодна з прынятай стратэгіяй, асноўнымі напрамкамі эканамічнага націску прызнаныя:

  • пазбаўленьне рэжыму Лукашэнкі крыніц валютных і крэдытных рэсурсаў;
  • блякаваньне магчымасьцяў абыходу санкцый як рэжымам Лукашэнкі, так і Расеяй, каб не дапусьціць незаконнага ўзбагачэньня рэжыму за кошт грамадзян і спыніць кантрабандны канал дапамогі расейскай вайсковай прамысловасьці;
  • замарожваньне дзяржаўных актываў, каб пазьбегнуць магчымасьці іх крадзяжу ў мэтах працягу тупіковай эканамічнай палітыкі і далейшай здачы эканамічнага сувэрэнітэту;
  • пазбаўленьне прыбытку «кашалькоў» рэжыму і іншых асоб, якія атрымліваюць незаконнае ўзбагачэньне за кошт ціску канкурэнцыі на рынку, што прыводзіць да дадатковага зьбядненьня насельніцтва;
  • удасканаленьне санкцыйных мэханізмаў з мэтай максымальнага павышэньня іх эфэктыўнасьці і скарачэньня часу ад іх прыняцьця да наступленьня эфэкту ад іх дзеяньня.

Таксама пастанова прадугледжвае стварэньне пастаяннай працоўнай групы па эканамічным ціску на рэжым Лукашэнкі (Камітэту па санкцыях). У групу ўвойдуць прадстаўнікі АПК, дыяспар, актывістаў і іншых экспэртных арганізацый па дадзенай праблематыцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі бізнэсовец папрасіў прабачэньня за тое, што дапамагаў «Гродна Азоту» абыходзіць санкцыі