«Беларусь усё больш ператвараецца ў Паўночную Карэю». Ціханоўская выступіла ў Кембрыджы

Сьвятлана Ціханоўская ў Кембрыджы 7 сакавіка, 2023

Ціханоўская прыбыла ў Кембрыдж на запрашэньне найстарэйшай дыскусійнай супольнасьці ў сьвеце.

Сьвятлана Ціханоўская 7 сакавіка выступіла ў Кэмбрыджскім унівэрсытэце, пра гэта паведаміла яе прэсавая служба.

Палітык прыбыла ў Кембрыдж на запрашэньне Cambridge Union, найстарэйшай дыскусійнай супольнасьці ў сьвеце. У Cambridge Union раней выступалі Ўінстан Чэрчыль, Маргарэт Тэтчэр, давалі лекцыі прэзыдэнты ЗША Тэадор Рузьвэльт, Рональд Рэйган, а таксама лідэр Тыбэту Далай-лама.

У сваім выступе Ціханоўская зьвярнулася да студэнтаў Кембрыджскага ўнівэрсытэту і расказала ім пра сытуацыю ў Беларусі:

«Рэжым разгарнуў масавы тэрор супраць беларусаў. 60 000
чалавек прайшлі праз турмы. Многіх білі, катавалі, некаторых забілі.
Адчуваючы безнаказанасьць, Лукашэнка стаў пагрозай для ўсяго рэгіёну».

Сьвятлана Ціханоўская ў Кэмбрыджы

Пасьля адбылася дыскусія з удзелам студэнтаў і чальцоў Кэмбрыджскага зьвязу, падчас якой Ціханоўская адзначыла, што рэжым у Менску зьяўляецца пагрозай для ўсяго рэгіёну:

«Рэжым Лукашэнкі захапіў самалёт Ryanair, арганізаваў міграцыйны крызіс, а потым стаў саўдзельнікам Пуціна ў вайне супраць Украіны.

Расея разгарнула свае войскі на тэрыторыі Беларусі. І Беларусь апынулася пад пагрозай страты незалежнасьці. Рэпрэсіі ўзмацніліся, і краіна ўсё больш нагадвае Паўночную Карэю», — заявіла Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Guardian: Лукашэнка «зьяўляецца дзяржаўным спонсарам тэрарызму»

Ціханоўскай у Ірляндыі прысудзілі прэмію міру

Сьвятлана Ціханоўская 6–9 сакавіка наведвае зь візытам Вялікую Брытанію. Ціханоўская сустрэлася ў Лёндане зь міністрам замежных справаў Джэймсам Пэвэрлі і міністрам па справах Эўропы Леа Докерці і з былым прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Борысам Джонсанам.

Яна расказала брытанскім палітыкам пра апошнія прысуды Алесю Бяляцкаму, беларускім журналістам, рэйкавым партызанам, сябрам Каардынацыйнай рады, Сяргею Ціханоўскаму, а таксама самой Сьвятлане Ціханоўскай.

Яна папрасіла Вялікую Брытанію прыняць індывідуальныя санкцыі ў дачыненьні да судзьдзяў, пракурораў, якія бралі ўдзел у працэсах, а таксама разгледзець санкцыі супраць дэпутатаў так званага парлямэнту, прапагандыстаў, чыноўнікаў і вайскоўцаў, якія дапамагаюць рэжыму і падтрымліваюць вайну.

Беларуская апазыцыйная дзяячка Сьвятлана Ціханоўская 8 сакавіка стала ляўрэатам Міжнароднай прэміі міру Тыпэрэры (Tipperary, Ірляндыя) за 2022 год, пра гэта Свабодзе паведаміў сакратар Міжнароднай прэміі міру Тыпэрэры Марцін Куін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інцыдэнт у Мачулішчах, беларускія ваяры, новыя санкцыі. Пра што Ціханоўская гаварыла ў Лёндане з урадоўцамі і экс-прэм'ерам Джонсанам