Ціханоўская ў Guardian: Лукашэнка «зьяўляецца дзяржаўным спонсарам тэрарызму»

Сьвятлана Ціханоўская ў Брусэлі, 28 лютага, 2023

Сьвятлана Ціханоўская накіравалася зь візытам у Лёндан. А перад тым яна апублікавала артыкул у газэце The Guardian.

Сьвятлана Ціханоўская ў сваёй калёнцы для The Guardian заклікала Захад адмовіцца ад ілюзій наконт Аляксандра Лукашэнкі і ўзмацніць ціск на яго. Артыкул прымеркаваны да пачатку візыту Ціханоўскай у Вялікую Брытанію.

Ціханоўская заявіла, што рэжым Лукашэнкі «зьяўляецца дзяржаўным спонсарам тэрарызму»:

«Вялікая Брытанія і Захад павінныя цалкам зразумець гэты момант. Мы па-ранейшаму атрымліваем памылковыя сыгналы ад некаторых саюзных краін, якія хочуць верыць, што Лукашэнка — чалавек, зь якім яны могуць весьці справы. Некаторым да гэтага часу падабаецца думаць пра яго як пра патэнцыйнага сумленнага пасярэдніка, які не па сваёй віне апынуўся ў пастцы геаграфіі і міжвольным закладнікам Пуціна. Няма нічога больш далёкага ад праўды. Захаду трэба перастаць пападацца на яго хлусьню і зразумець, што Лукашэнка сьвядома жадае, каб Беларусь была васальнай дзяржавай Расеі», — напісала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская наведае Лёндан, дзе сустрэнецца з Джонсанам і прадстаўнікамі ўраду

Ціханоўская падкрэсьліла, што большасць беларусаў па сваёй сутнасьці зьяўляюцца эўрапейцамі, хочуць мірна жыць ва ўмовах дэмакратыі:

«Яны хочуць, каб расейскія войскі былі неадкладна выведзеныя з Украіны і зь Беларусі. Яны прызнаюць, што Лукашэнка зьяўляецца ваенным злачынцам, і спадзяюцца, што ён урэшце паўстане перад судом», — напісала яна.

На яе думку, Вялікая Брытанія і Захад павінны цалкам падтрымліваць гэтыя стратэгічныя мэты. Яна заклікала да ўзмацненьня ціску на беларускія ўлады:

«Вялікая Брытанія першай увяла санкцыі супраць тырана і ягоных паслугачоў. Але гэта можа пайсьці далей. Нам трэба больш фінансавых і другасных санкцый, накіраваных на дзяржаўную эканоміку, якая падсілкоўвае выведвальнае ўпраўленне КДБ Лукашэнкі і ваенную машыну Пуціна», — адзначыла Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прысуд Ціханоўскай: жорсткі, але завочны. Лукашэнка пралічыўся двойчы

Візыт Ціханоўскай у Вялікую Брытанію

Сьвятлана Ціханоўская 6–9 сакавіка наведвае зь візытам Вялікую Брытанію, паведаміў BPN галоўны дарадца беларускай дэмакратычнай лідэркі Франак Вячорка.

У праграме — сустрэчы зь міністрам у справах Эўропы Ліё Дохэрці, былым прэмʼер-міністрам Борысам Джонсанам, сьпікерамі палаты грамад Ліндсі Гойл і палаты лордаў Джонам Макфолам, лідэрам апазыцыйнай Лейбарысцкай партыі Кірам Стармэрам.

Ня будзе сустрэч з прэмʼер-міністрам Рышы Сунакам і міністрам замежных спраў Джэймсам Клевэрлі, якія ў дні візыту Ціханоўскай будуць адсутнічаць у Лёндане, адзначыў дарадца.

Сьвятлана Ціханоўская наведвала Лёндан у жніўні 2021 году і сакавіку 2022-га. Падчас першага візыту яна сустрэлася з тагачасным кіраўніком брытанскага кабінэта Джонсанам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынеслі прысуды ў завочнай «справе Каардынацыйнай рады», у тым ліку Ціханоўскай, якая цяпер зь візытам у Лёндане