Перастрэлка ў Карабаху. Загінулі тры армянскія паліцыянты

Аўтамабіль пасьля перастрэлкі, Нагорны Карабах, 5 сакавіка 2023

Страляніна адбылася вакол Шушы. Баку і Ерэван абвінавачваюць адзін аднаго ў эскаляцыі.

Вакол гораду Шуша ў Нагорным Карабаху адбылася страляніна, якая выклікала ахвяры. Пра сытуацыю ў спрэчным рэгіёне пішуць армянская і азэрбайджанская службы Радыё Свабода.

З тэрыторый, падкантрольных расейскаму міратворчаму кантынгенту, распаўсюджваецца інфармацыя аб парушэньні рэжыму спыненьня агню. Пра гэта сёньня, 5 сакавіка, паведаміла Міністэрства абароны Азэрбайджану. Армянскі бок заяўляе пра 3 загінулых са свайго боку.

«Раніцай 5 сакавіка ў мэтах праверкі атрыманай інфармацыі падразьдзяленьнямі азэрбайджанскай арміі была зроблена спроба спыніць і праверыць транспартныя сродкі, якія ажыцьцяўлялі незаконныя вайсковыя перавозкі. У выніку абстрэлу былі ахвяры і параненыя з абодвух бакоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія і Азэрбайджан падалі адзін супраць аднаго пазовы ў Міжнародны суд ААН

У заяве азэрбайджанскі бок давёў да ведама камандаваньня расейскага міратворчага кантынгенту неабходнасьць безумоўнага і поўнага забесьпячэньня выкананьня пунктаў трохбаковай дэклярацыі.

Азэрбайджанскі бок заявіў, што армянскія транспартныя сродкі могуць рухацца выключна па Лачынскім калідоры.

Як адзначылі ў азэрбайджанскім міністэрстве, ужо ўстаноўлены факты перавозкі з Армэніі ў Карабаскі эканамічны раён зброі, боепрыпасаў, іншай вайсковай тэхнікі, у тым ліку мінаў, паліва і жывой сілы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ў Ерэване заявілі, што Армэнію прымушаюць далучыцца да «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі

Армянскі бок абвінавачвае Азэрбайджан у чарговай правакацыі і паведамляе, што падчас інцыдэнту загінулі 3 паліцыянты і 1 быў паранены. Сярод загінулых — падпалкоўнік, маёр і лейтэнант.

Паводле зьвестак паліцыі Нагорнага Карабаху, азэрбайджанская дывэрсійная група абстраляла дзяжурны аўтамабіль пэрсаналу пашпартна-візавага аддзелу паліцыі ў раёне пад назвай «Хайпалу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашыньян выказаўся пра блякаду Лачынскага калідору, Аліеў супраць уключэньня Карабаху ў мірную дамову
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму спробы вырашыць праблему Нагорнага Карабаху раз за разам правальваюцца. Тлумачым