У рэйсавым аўтобусе, які ў мінулыя выходныя ехаў з Варшавы ў Горадню, на літоўскай мяжы знайшлі цела 53-гадовага грамадзяніна Беларусі. Прычына сьмерці высьвятляецца, паведамляе агенцтва BNS са спасылкай на паліцыю.
Цела 53-гадовага беларуса знайшлі ў пасажырскім аўтобусе, які рухаўся па маршруце Варшава — Беласток — Гародня, каля 2 гадзін ночы 25 лютага. Гэта адбылося на літоўскай мяжы, паколькі цяпер, пасьля закрыцьця памежных пераходаў на Горадзеншчыне, аўтобусы ў Польшчу часта ходзяць празь Літву.
Як паведамілі ў памежнай службе Літвы, мужчыну стала дрэнна, калі аўтобус прыбыў на пункт пропуску ў Райгардасе. Выратаваць яго не ўдалося. Вонкавых пашкоджаньняў на целе ня выяўлена.
Пасьля інцыдэнту аўтобус накіраваўся далей у Беларусь. Літоўская паліцыя пачала дасудовае расследаваньне для вызначэньня прычыны сьмерці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Целы двух мігрантаў знайшлі ў канаве каля беларуска-літоўскай мяжы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Валыні, непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю, у перастрэлцы загінуў украінскі вайсковец. Што вядома на гэты час