У Баўгарыі ў грузавіку знайшлі целы 18 мігрантаў з Афганістану

Баўгарская паліцыя знайшла ў вёсцы Лакорска непадалёк ад Сафіі грузавік зь целамі 18 мігрантаў, паведамляе баўгарскае агенцтва БТА са спасылкай на намесьніка генпракурора Барыслава Сарафава.

Сьледзтва ўстанавіла, што мігранты перасеклі мяжу, правялі некалькі дзён у лесе за горадам Ямбол, потым іх загрузілі ў грузавік. 18 зь іх задыхнуліся, 34 чалавекі — выжылі, зь іх пяцёра — дзеці. Гэта грамадзяне Афганістану, ім надаюць мэдыцынскую дапамогу, паведаміў ён.

Паліцыя затрымала 4 падазраваных, адзін зь іх, як мяркуецца, — кіроўца грузавіка. Усіх затрыманых арыштавалі на 24 гадзіны, абвінавачаньне ім пакуль не прад’явілі.

«Не магу дакладна сказаць, што адбылося. Там было недастаткова кіслароду, ім былі холадна, яны прамоклі і некалькі дзён ня елі», — сказаў міністар аховы здароўя Баўгарыі Асен Меджыдзіеў.

Улады працуюць над вызначэньнем дакладнай прычыны сьмерці 18 чалавек і маршруту, па якім рухаўся грузавік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На ўсходзе Ангельшчыны знойдзены грузавік з Баўгарыі з 39 целамі. Кіроўца арыштаваны

У кастрычніку 2019 году ў ангельскім графстве Эсэкс паліцыя выявіла грузавік зь 39 целамі ўнутры. Загінулі 31 мужчына і восем жанчын, сярод іх былі непаўналетнія. Усе яны былі грамадзянамі Віетнаму. Брат адной з загінулых дзяўчат, расказаў BBC, што яна заплаціла кантрабандыстам 38 тысяч даляраў за тое, каб яе прывезьлі ў Вялікую Брытанію.

У сакавіку 2020 году 64 чалавекі, якія лічацца мігрантамі з Этыёпіі, былі знойдзеныя мёртвымі ў кантэйнэры, прымацаваным да грузавіка ў Мазамбіку. Яшчэ 14 чалавек засталіся ў жывых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Шэсьцьдзесят чатыры чалавекі загінулі ў кузаве грузавіка ў Мазамбіку