Генэральны сакратар NATO заклікаў Беларусь спыніць саўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнберг

Спыніць саўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны заклікаў Беларусь генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг на прэс-канфэрэнцыі пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам.

Паводле слоў Столтэнбэрга, на сустрэчы абмяркоўвалася «роля Беларусі ў вайне Пуціна». «Беларусь працягвае разьмяшчаць і падтрымліваць расейскія войскі на сваёй тэрыторыі, паглыбляе палітычную і ваенную інтэграцыю з Расеяй», — адзначыў генэральны сакратар NATO.

Таксама генсакратар заявіў, што моцная прысутнасьць «адной з баявых групаў NATO» у Польшчы дапамагае стрымліваць агрэсію. Столтэнберга падкрэсьліў, што альянс будзе абараняць «кожны сантымэтар» Польшчы і саюзьнікаў.

Перамовы Столтэнбэрга і Дуды прайшлі 15 лютага ў штаб-кватэры NATO ў Бруселі. 14 і 15 лютага там адбылася сустрэча міністраў абароны краін Паўночнаатлянтычнага альянсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO Столтэнбэрг: Рэжым у Менску не прадстаўляе народ Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат Чэхіі прыняў пастанову пра «тэрарыстаў» зь беларускіх КДБ і ГУБАЗіКу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн наведае Польшчу напярэдадні гадавіны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну