Украінскія вайскоўцы пры нанясеньні большасьці ўдараў з рэактыўных сыстэм залпавага агню HIMARS абапіраюцца на дадзеныя аб месцазнаходжаньні цэляў, якія перадаюць вайскоўцы ЗША, пра гэта паведамляе The Washington Post са спасылкай на амэрыканскіх і ўкраінскіх чыноўнікаў.
Як заявіў газэце адзін з высокапастаўленых украінскіх чыноўнікаў, такі падыход павінен пераканаць ЗША, што Кіеву можна даверыць і зброю далёкага радыюсу дзеяньня.
Паводле яго, украінскія вайскоўцы вызначаюць цэлі, па якіх хочуць нанесьці ўдар, затым гэтая інфармацыя перадаецца камандаваньню, якое запытвае ў амэрыканскіх вайскоўцаў больш дакладныя каардынаты. Калі каардынаты зь якіх-небудзь прычын не перадаюцца, удары па цэлям не наносяцца, сказаў суразмоўца Washington Post у Кіеве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея чатырнаццаты раз атакуе энэргасыстэму Ўкраіны. Гучаць выбухі ў Кіеве, Львове, Адэскай вобласьціЯк заявіў выданьню прэс-сакратар Пэнтагону генэрал Патрык Райдэр, ЗША «даўно прызналі, што даюць выведвальныя зьвесткі Ўкраіне», каб дапамагчы ім абараніцца ад расейскай агрэсіі. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што шукаюць цэлі і прымаюць канчатковае рашэньне аб ударах самі ўкраінцы.
ЗША не ўхваляюць цэлі і не ўдзельнічаюць у іх выбары, сказаў прадстаўнік Пэнтагону.
Пры гэтым Вашынгтон не задаволіў просьбы Кіева аб пастаўцы ракет ATACMS з далёкасьцю да 300 кіляметраў. У Белым доме асьцерагаюцца, што ўкраінскія вайскоўцы будуць наносіць удары па цэлях у глыбіні расейскай тэрыторыі, што можа прывесьці да некантраляванай эскаляцыі вайны і ўцягнуць ЗША ў канфлікт.
Кіеў, у сваю чаргу, настойвае, што ня будзе выкарыстоўваць такую зброю для нанясеньня ўдараў па цэлях на тэрыторыі Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Вялікай Брытаніі паведаміла, што тактычныя посьпехі Расеі на Данбасе дорага ёй каштавалі