Ціханоўская выступіла перад Сэнатам Польшчы з нагоды юбілею пачатку паўстаньня Каліноўскага

Сьвятлана Ціханоўская

Па запрашэньні сьпікера Сэнату дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская і прадстаўнікі Кабінэту 8 лютага ўзялі ўдзел у слуханьнях Сэнату Польшчы.

Падчас выступу Ціханоўская заклікала Сэнат Польшчы прыняць рэзалюцыю ў абарону беларускай незалежнасьці і ўзмацняць ціск на рэжым.

«Сёньня гэтае пытаньне стаіць як ніколі востра. На нашай тэрыторыі знаходзіцца больш за 10 тысяч расейскіх салдат. Расейскія войскі павінны быць выведзеныя ня толькі з Украіны, але і зь Беларусі. Усе дамовы і рашэньні, якія прымае рэжым Лукашэнкі, павінны быць прызнаныя незаконнымі, а сам Лукашэнка павінен апынуцца перад трыбуналам», — сказала яна.

Ціханоўская заклікала падтрымаць рэпрэсаваных беларусаў і ўзмацняць фінансавы і палітычны ціск на рэжым, прымяніць унівэрсальную юрысдыкцыю супраць прадстаўнікоў беларускіх уладаў:

«Польшча можа адкрываць справы супраць сілавікоў і саўдзельнікаў Лукашэнкі ўжо цяпер, але для гэтага неабходна палітычная воля».

Таксама палітык выказала спадзяваньне, што па выніках выбараў у Сэнаце адновіцца праца групы «За дэмакратычную Беларусь» у новым складзе, і прапанавала стварыць праграму стажыровак для маладых беларусаў у верхняй палаце польскага парлямэнту.

Дэмакратычная лідэрка заклікала «захоўваць пасьлядоўнасьць і рашучасьць» і дапамагаць у «пабудове свабоднай Беларусі»:

«Наша першачарговая задача — вярнуць Беларусі суб’ектнасьць. Для гэтага нам вельмі важна, каб свабодная Беларусь была прадстаўленая на міжнародных форумах і пляцоўках, парлямэнцкіх асамблеях Рады Эўропы і АБСЭ. Беларусь павінна быць часткай усіх сустрэч Люблінскага трохкутніка. Гэты альянс, які склаўся гістарычна, адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам і чаканьням».

Народы Польшчы і Беларусі зьвязаныя сумеснай гісторыяй, подзьвігі дзеячоў якой «натхняюць беларусаў на барацьбу і сёньня — на барацьбу супраць тыранічнага рэжыму Лукашэнкі і імпэрскай агрэсіі Расеі», а лёзунг «За нашу і вашу свабоду» «стаў актуальны як ніколі раней», адзначыла палітык.

Яна падкрэсьліла, што рэжым Лукашэнкі спрабуе зьнішчыць «дружнае сумеснае жыцьцё беларусаў і палякаў»: закрывае польскія школы, разбурае помнікі ўдзельнікам польскага супраціву:

«Усё гэта — зачыстка нашага традыцыйнага шматгалосься на карысьць манатоннага і бязьлітаснага «рускага сьвету».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту Пачобуту прысудзілі 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму

«Сярод герояў, якія абʼядноўваюць Беларусь і Польшчу, — Анджэй Пачобут, які нават у засьценках не скарыўся, застаецца верны сваім ідэалам барацьбы за свабоду, — сказала яна. — Вельмі важна, што Польшча выступае ў абарону Пачобута і ўсіх вязьняў рэжыму Лукашэнкі. Таксама важна, калі Польшча паказвае прыклад паважлівага стаўленьня да ідэнтычнасьці беларускай меншасьці на Падляшшы. Таксама — калі тыя беларусы, што нядаўна апынуліся ў Польшчы як бежанцы, адчуваюць з боку польскай дзяржавы дапамогу і разуменьне».

Ціханоўская падкрэсьліла, што «свабодная Беларусь будзе саюзьнікам і сябрам для Польшчы».

Па словах палітыка, яна верыць, што перамены ў Беларусі могуць пачацца «нашмат раней, чым многім здаецца»:

«Рэжым не адчувае сябе ўпэўнена і паводзіць сябе так, быццам сотні тысяч людзей усё яшчэ пратэстуюць пад прэзыдэнцкім палацам. Але акрамя рэпрэсій, яму няма чаго прапанаваць беларусам. Лукашэнкаўскі рэжым — палітычны банкрут, а ўлада яго трымаецца выключна на падтрымцы Пуціна. Чым слабейшы Пуцін — тым слабейшы будзе Лукашэнка, і наадварот».

Перад выступленьнем Ціханоўская сустрэлася з маршалкам Сэнату Томашам Гродзкім. Паводле інфармацыі BPN, яна прапанавала польскаму парлямэнту заняць «больш рашучую пазыцыю па Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: Партызаны зрабілі звыш 80 дывэрсій на чыгунцы, каб спыніць рух расейскіх войскаў