У Варшаве і Менску 21 лютага правядуць беларускую дыктоўку. Пачалася рэгістрацыя ўдзельнікаў

Аб'ява пра сёлетнюю беларускую дыктоўку ў Варшаве

Катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту разам зь Беларускім моладзевым хабам і Беларускім домам у Варшаве запрашае да ўдзелу ў артаграфічным конкурсе «Беларуская дыктоўка» з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага.

Конкурс сёлета пройдзе ў гібрыдным фармаце, можна будзе ўдзельнічаць як дыстанцыйна, так і непасрэдна напісаць дыктоўку ў Варшаве. Шанцы на атрыманьне дыплёмаў і ўзнагарод маюць выключна стацыянарныя ўдзельнікі. Пасьля абвяшчэньня вынікаў арыгінальны тэкст дыктоўкі арганізатары апублікуюць на старонцы катэдры беларусістыкі ў Facebook.

Тэкст дыктоўкі прачытае Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Удзел у дыктоўцы (у фармаце онлайн) пацьвердзілі беларускія дыяспары з Прагі, Лёндану, ЗША і Канады.

Зарэгістравацца для ўдзелу ў беларускай дыктоўцы можна на старонцы катэдры беларусістыкі ў фэйсбуку.

Колькасьць удзельнікаў абмежаваная, заяўкі прымаюцца да 16 лютага.

Мэдыяпатранат аказалі: Радыё Свабода, Radio Kampus, тэлеканал «Белсат», радыё «Ўнэт» і інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org.

Пачатак дыктоўкі 21 лютага ў 17:30. Месца: Варшава, вул. Добра, 55, заля 1.110.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавальнік электроннай бібліятэкі Kamunikat.org: «Выдаём кнігі для тысячаў беларусаў замежжа»

Дыктоўка ў Менску

У гэты ж дзень у Менску адбудзецца Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове. Яе арганізатары — Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Дыктоўка адбудзецца 21 лютага 2023 г. з 13:00 да 14:00 у рэжыме онлайн-трансьляцыі на youtube-канале Інстытуту мовазнаўства і на плятформе Zoom. Плянуецца таксама жывая трансьляцыя дыктоўкі на канале «Культура» Беларускага радыё.

Арганізатары аб’явілі рэгістрацыю да 20 лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла «кніга кніг» Бібліятэкі Свабоды